Темы

Да 110-годдзя Сяргея Грахоўскага. Пісьменнік і яго Сусвет

Да 110-годдзя Сяргея Грахоўскага. Пісьменнік і яго Сусвет

Частка 3. З лістоў маладога аўтара

Больш чым натуральна, што Сяргей Іванавіч Грахоўскі ліставаўся не толькі з чытачамі, сярод яго эпісталярных субяседнікаў нямала пісьменнікаў, прынамсі, не толькі беларускіх. Адзін ліст з тых, што захоўваюцца ў Глускім раённым музеі, мяне асабліва зацікавіў.

“Добры дзень, Сяргей Іванавіч! Шчыра дзякуй Вам за пісьмо, за Вашу шчырасць, праўду, за веру. Мне так не хапала тых слоў, тых, што прыслалі вы. Для мяне стала ясна тое, аб чым я сама смутна здагадвалася, нездарма мне ні адзін мой верш не спадабаўся, акрамя “Дзе ты, дзе ты, мая вёска?” Мне не хапала праўды, вось чаму Ваша пісьмо не толькі не засмуціла мяне, а наадварот прыдало сілы”, — такімі словамі пачынаецца гэты ліст, і яны адразу наводзяць на думку, што аўтар пісьма — пачынаючы паэт.

Пісьмо ж працягваецца далей: “Я прышлю Вам пісьмо абавязкова з добрымі вершамі, калі ж іх у мяне не будзе, я ўсё роўна буду любіць паэзію, застануся адным з яе гарачых абаронцаў. А зараз для мяне самае галоўнае — ажыццявіць сваю запаветную мару, аб якой пяецца ў маёй любімай песні так:

“Трое суток не спать,

Трое суток шагать

Ради нескольких строчек в газете.

Если снова начать,

Я бы выбрал опять

Беспокойные хлопоты эти”.

Яшчэ раз Вам вялікі дзякуй.

З прыветам і павагай к Вам Ніна Шклярава”.

Добра, што ў нас зараз ёсць інтэрнэт — адшукаць звесткі пра Ніну Шкляраву атрымалася хутка, знайсці кантакты Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і даведацца там электронны адрас і тэлефон Ніны Нічыпараўны таксама не заняло шмат часу.

Так, тая самая Ніна Шклярава, што пісала Грахоўскаму, усё ж такі стала пісьменніцай — ці не дзякуючы слушным парадам Сяргея Іванавіча? — і спраўдзіла сваю мару. Працавала карэспандэнтам Гомельскай раённай газеты «Маяк», настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў школах Гомеля, рэдактарам Гомельскай студыі тэлебачання, заснавала першую ў Беларусі школу “Малады літаратар”. Выйшла нямала вершаў, паэм Ніны Шкляравай, а першы яе зборнік (1971 год) называецца “Мая вёска” — акурат па назве верша, згаданага ў пісьме. Ніна Шклярава — лаўрэат прэмiй памяцi Iвана Мележа, імя Кірылы Тураўскага, расійскай прэміі Мікалая Мельнікава.

Ніна Нічыпараўна адгукнулася на просьбу падзяліцца з нашымі чытачамі расказам пра знаёмства з Сяргеем Іванавічам Грахоўскім. Вось яе аповед:

— У школьныя гады Сяргей Грахоўскі быў маім любімым паэтам, а любімым вершам — яго верш “Дабрата” з кнігі “Памяць”, 1965 года.

Тут выйшла такая гісторыя. Я вучылася ў Церахоўскай сярэдняй школе Добрушскага раёна, сябравала з Нінай Чуркінай, якая таксама пісала вершы, але ж у адрозненне ад мяне, наіўнай вясковай дзяўчынкі, не ўсё прымала на веру. Карацей, хутка я пасварылася з Нінай: яна сказала, што на дружбу і дабрыню чалавечую ніякага таленту не трэба. Хочаш — сябруй, хочаш — не знайся. Рабі, што табе хочацца, і радуйся жыццю. Смяялася з майго хобі: я збірала паштоўкі з Леніным і клеіла  іх у свой сшытак-дзённік, дзе запісвала свае ўражанні. Былі яшчэ дзве дзяўчынкі, што рабілі тое ж самае. Не паверыце, але мы насілі ў мясцовы скверык да помніка Леніну цукеркі і пячэнне, радаваліся, калі на другі дзень іх не было… Божа мой! Я зараз зайздрошчу той сабе, якая так даверліва глядзела на свет і людзей…

Дык вось, у той дзень, калі я пасварылася з Нінай і была не ў лепшым настроі, я заглянула ў бібліятэку, узяла першую кнігу, што мне папалася на вочы, і пачала чытаць:

Нялёгка быць даверлівым і шчырым,

Нялёгка крыўды даўнія забыць,

Яны звісаюць, як цяжкія гіры,

І замінаюць верыць і любіць…

Я запомніла гэты верш адразу на памяць, помню і цяпер:

Нялёгка добрым быць, хоць нам не трэба

Ні лёгка запрацованага хлеба,

Ні танных поспехаў, ні скідак, ні удач,

Ні вырашаных іншымі задач,

Hi тыx пaxвaл, штo лёгкa paздaюццa

Cябpaмi зa aбeдзeнным cтaлoм,

Hi плётaк, штo вyжaкaмi вiюццa

I пaтыxaюць зaйздpacцю i злoм.

Уcё пpaxoдзiць, быццaм дoждж няpoўны, —

I бoль, i злocць, i дpoбнaя бpыдa,

A зacтaeццa вaжны i гaлoўны

I caмы cвeтлы тaлeнт — дaбpaтa.

Апошнія чатыры радкі мяне проста ўразілі! Гэта быў адказ  на нашу з сяброўкай спрэчку. І аўтар быў на маім баку!

Так верш “Дабрата” стаў маім заветным творам, а яго аўтар — маім любімым паэтам.

Сябравала я ў школе з Тамарай Дзямянцавай, мы былі аднакласніцамі. Тамара з Насовіч, а я з Пракопаўкі, што за 12 км ад Церахоўкі. Кватаравалі разам у адной бабулькі. Нейк ляжалі мы са сваёй сяброўкай на печы, рыхтаваліся да выпускных экзаменаў у школе (быў 11-ы клас). І якраз па радыё прагучаў мой верш “Дзе ты, мая вёска?”.

А я перад тым, як выслаць гэты верш на рэспубліканскі конкурс “Мой родны кут”, паспорыла з  Тамарай на кнігу Сяргея Грахоўскага, што буду пераможцам. Вось так і з’явілася ў мяне жаданая кніга Грахоўскага з подпісам сяброўкі “Проспоренная книжечка”.

Пазнаёміліся мы з яе аўтарам пасля прэзентацыі яго новай кнігі ва ўніверсітэце Скарыны, я была на 1-м курсе. Тады ён і сказаў мне, што мае вершы напамінаюць яму Жэню Янішчыц… Што цікава, нас блыталі нават на фотаздымках. З Жэняй мы пазнаёміліся і пасябравалі пазней, калі я была ўжо на 2-м курсе. Мне пашчасціла быць з ёй на першым рэспубліканскім фестывалі творчай моладзі ў Каралішчавічах…

Мы перапісваліся з Сяргеем Грахоўскім. Ён разбіраў мае вершы, крэсліў, даваў парады. За што я ўдзячна яму і сёння, бо гэта прымусіла і навучыла мяне крэсліць і правіць свае радкі, не шкадуючы. Хаця… Шкадавала і сердавала на крытыку, пыхцела, але ж правіла. Можа, таму і справілася ў будучым са сваёй “Школай маладога літаратара”, якой кіравала амаль 15 год. Вось такі след у маёй душы пакінула творчасць Сяргея Грахоўскага.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота з архіва Ніны Шкляравай

і з фондаў Глускага раённага музея

Працяг будзе

Последние новости

Власть

С Днем работников нефтяной, газовой и топливной промышленности! Поздравляет руководство района

6 сентября 2026
Читать новость
Здоровье

Коллектив Глусской районной больницы пополнили девять молодых специалистов

5 сентября 2026
Читать новость
Власть

С Днем белорусской письменности! Поздравление от руководства области

5 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Прокачай безопасность: три важные настройки телефона

4 сентября 2026
Читать новость
Происшествия

На пожаре в Могилёвском районе погиб пенсионер

4 сентября 2026
Читать новость
Образование

Первое сентября: как в Глусском районе отметили День знаний

4 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем