Темы

#ПраГрахоўскага

#ПраГрахоўскага
Глуск, 1919 год

Амаль сорак год я адпрацавала ў бібліятэцы. І калі маладзенькай дзяўчынай прыйшла туды, у краязнаўчым кутку ўжо стаялі кнігі Сяргея Іванавіча Грахоўскага з дароўнымі надпісамі. Ён, як ніякі іншы пісьменнік-зямляк, клапаціўся аб тым, каб яго творы ў першую чаргу дайшлі да чытачоў-землякоў. Усялякі свой прыезд, а ён прыязджаў апошні час амаль кожную восень, Сяргей Іванавіч абавязкова заходзіў да нас у бібліятэку, абавязкова перабіраў кнігі ў краязнаўчым кутку. Аднойчы, праглядаючы іх, ён са здзіўленнем спытаў: “А што, “Гарачае лета” я вам не дасылаў?” “Гарачае лета” — гэта дзіцячая аповесць аб грамадзянскай вайне, станаўленні савецкай улады ў Глуску. Яна не дакументальная, але шмат захавана прозвішчаў глушчан. Мне было вельмі няёмка, але я прызналася: “Ведаеце, недаглядзелі, кнігу ўкралі”. На твары Сяргея Іванавіча ўспыхнула такая радасная ўсмешка, ён так быў задаволены гэтым непрыемным, на мой погляд, фактам, а потым сказаў: “Не засмучайцеся, я вам прышлю другую. На беларускай мове няма, я прышлю расійскае выданне”. Слова сваё ён стрымаў.

А ў дзевяностых гадах Сяргей Іванавіч падараваў цэнтральнай бібліятэцы частку кніг са сваёй асабістай. У той час я працавала дырэктарам Глускай цэнтралізаванай сеткі бібліятэк. Паехалі ўтрох: я, загадчыца аддзела абслугоўвання Іна Міхайлаўна Кірына і вадзіцель.

Сустрэлі нас Сяргей Іванавіч з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай вельмі сардэчна. Уразіла сціпласць, нават спартанскасць абстаноўкі. У кабінеце пісьменніка (вельмі невялікім) стаялі канапа, засцеленая пледам у клетку, пісьмовы стол, стул, а астатнюю прастору займалі кнігі. На наша здзіўленне Валянціна Міхайлаўна адказала: “Мо празаікі жывуць лепш, а паэтам плацяць вось так,” — і абвяла вакол рукой.

У час нашай размовы Сяргею Іванавічу хтосьці патэлефанаваў. Зняўшы трубку, ён адказаў: “Зараз я не магу. Да мяне прыехалі землякі”. І ў голасе яго былі гордасць і радасць.

А потым нас траіх Валянціна Міхайлаўна карміла смачным баршчом і катлетамі.

У той дзень мы прывезлі ад пісьменніка цэлы стэлаж кніг. Сярод кніг быў рукапіс апошняй на той час аповесці Сяргея Іванавіча “Зона маўчання”.

Мае больш цесныя, як я лічу, зносіны з пісьменнікам прыпалі на дзевяностыя гады. Сяргей Іванавіч заўсёды нам дасылаў або прывозіў у дар кожную сваю новую кнігу. І аднойчы я напісала яму пісьмо з падзякай. Так завязалася наша, мо не заўсёды актыўная, перапіска.

Дзевяностыя — вельмі складаны і нялёгкі адрэзак часу. Я пісала яму пра змены, якія адбываліся ў Глуску, пра навіны, надвор’е і іншае. А ў яго пісьмах было шмат філасофскага. Ды і ў апошніх апублікаваных вершах Сяргея Іванавіча шмат роздуму пра жыццё, чалавека, лёс.

На той час Сяргей Іванавіч быў даволі сталага ўзросту. Часта ён пісаў, што, напэўна, чарговай восенню наўрад ці зможа прыехаць. Аднак прыходзіла восень, і Сяргей Іванавіч прыязджаў зноў. Ён нарадзіўся ў верасні. Прыязджаючы на радзіму, такім чынам ён нібыта рабіў сам сабе падарунак. Гэты падарунак быў самы дарагі, бо адпавядаў яго жаданню.

Мне здаецца, што Глуск для Сяргея Іванавіча быў чысцюткай, празрыстай крыніцай, дзе ён, як стомлены падарожнік, мог піць, піць, покуль не напіваўся.

У адной з песень ёсць словы: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…” Каб любіць сваю маленькую радзіму так, як яе любіў Сяргей Іванавіч, трэба было, напэўна, таксама спазнаць тыя страшныя месцы, дзе яму прыйшлося жыць. Але ён не зламаўся, не знявечыўся душой. Можа, у гэтым яму дапамог і Глуск.

Т. КАНДРАЦЦЕВА

Последние новости

Власть

С Днем работников нефтяной, газовой и топливной промышленности! Поздравляет руководство района

6 сентября 2026
Читать новость
Здоровье

Коллектив Глусской районной больницы пополнили девять молодых специалистов

5 сентября 2026
Читать новость
Власть

С Днем белорусской письменности! Поздравление от руководства области

5 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Прокачай безопасность: три важные настройки телефона

4 сентября 2026
Читать новость
Происшествия

На пожаре в Могилёвском районе погиб пенсионер

4 сентября 2026
Читать новость
Образование

Первое сентября: как в Глусском районе отметили День знаний

4 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем