Темы

#ПраГрахоўскага. Ускосны сваяк па жыцці…

#ПраГрахоўскага. Ускосны сваяк па жыцці…
Міхаіл Іванавіч Зіневіч

Чалавеку ў жыцці павінна пашчасціць тройчы: у каго нарадзіцца, у каго вучыцца i з кiм пабрацца шлюбам. Зараз, аналізуючы той шлях, якi мне ўжо давялося прайсцi, з упэўненасцю магу сказаць, што мне пашчасціла нарадзіцца ў тых людзей i мець тых сваякоў, якiя былi i застаюцца высокаадукаванымі i iнтэлiгентнымi людзьмі, што значным чынам паўплывалі на станаўленне маёй асобы i спасціжэнне сапраўдных духоўных каштоўнасцей.

З асаблiвай цеплынёй я заўсёды прыгадваю Мiхаiла Iванавiча Зiневiча. Не кроўны сваяк, муж маёй цёткi, менавiта ён адкрыў для мяне свет не толькi творчасцi, а яшчэ i асобы Сяргея Iванавiча Грахоўскага.

“Ускосны сваяк па жыццi…” — менавiта так у сваiм апошнiм, чамусьцi не адпраўленым сябру лiсце Мiхаiл Iванавiч назваў Сяргея Iванавiча Грахоўскага.  Так, яны былi яшчэ школьнымi сябрамi i пранеслi сваё сяброўства праз усё жыццё. Так і не адпраўлены Сяргею Iванавiчу лiст Мiхаiл Iванавiч пiсаў 31 снежня 1982 года, а ў кастрычніку 1983 года ён пайшоў у нябыт.

У гэтым апошнім да сябра лiсце Мiхаiл Iванавiч напярэдаднi свайго 70-годдзя, звяртаючыся да блiзкага чалавека, нiбыта падводзiць вынiк свайго жыцця, сумуе з нагоды хваробы Сяргея Iванавiча i прыгадвае цiкавы выпадак з дзяцiнства. Яшчэ падлеткамi, яны разам са сваiм трэцiм сябрам Андрэем (ён потым будзе жыць у Кiеве, i Сяргей Iванавiч пры магчымасцi будзе да яго заязджаць) ладзiлi модны па тым часе “сiянс спiрытызму”. Тады Сяргею Грахоўскаму выпала лёсавызначальнае прадказанне: “Паэт-пастух…” Яны смяялiся, не ведаючы, што на самай справе Сяргею Iванавiчу будзе наканаваны складаны лёс i мiсiя таго, хто возьме на сябе адказнасць за захаванне духоўнасцi i чысцiнi чалавечай душы.

Будзе несцi такую адказнасць i Мiхаiл Iванавiч Зiневiч, зразумела, не ў такiм сусветным маштабе, а на тым мiкраўзроўнi, якi быў прадвызначаны менавiта яго лёсам. Адукаваны чалавек (яшчэ да Вялiкай Айчыннай вайны вучыўся ў БДУ), выдатны музыкант, спявак, мастак, ён усё сваё жыццё працаваў дырэктарам школы спачатку ў Макавiчах, а потым узначальваў Бабiроўскую васьмiгодку. Зараз яго былыя вучнi, ужо больш чым сталыя людзi, прыгадваюць, якiмi захапляльнымi, напоўненымi асаблiвым зместам былi ўрокi Міхаіла Іванавіча.

З далёкага дзяцiнства памятаю, што, калi адбыўся паказ “Рудабельскай рэспублiкі” па матывах аповесцi Сяргея Iванавiча Грахоўскага, у нас дома неспадзявана ўзнiкла абмеркаванне гэтай кiнастужкi. I тады Мiхаiл Iванавiч сказаў: “Нашы мясцiны. Сяргею было куды складаней, чым мне. Я iм ганаруся!”

Іван Зіневіч, бацька Міхаіла Іванавіча

Гэту выказаную думку нiхто з прысутных не абмяркоўваў, усе былi захоплены сюжэтам, мастацкiм выкананнем роляў вядомымi артыстамi. I толькi не так даўно я зразумела, што меў на ўвазе Мiхаiл Iванавiч. Разбiраючы на гарышчы ў сваёй бацькоўскай хаце ў Макавiчах старыя рэчы, я знайшла фотаздымкi Iвана Зiневiча, бацькi Мiхаiла Iванавiча. Iван Зiневiч не ў сялянскiх аздобах у дзяцiнстве, у юнацтве, у маладосцi… Такiя фотаздымкi, зробленыя ў Слуцку i Бабруйску, мог сабе дазволiць не кожны. Чаму яны захоўвалiся не ў сям’i Зiневiчаў, а ў маёй бабулi, дачка якой, Клаўдзiя Iванаўна Скiндзер, была жонкай Мiхаiла Iванавiча? Зараз на гэта пытанне нiхто адказаць не можа. Нават мае стрыечныя сёстры, дзецi Клаўдзii Iванаўны i Мiхаiла Iванавiча, могуць толькi сказаць, што iх бацька быў аднагодкам Сяргея Iванавiча Грахоўскага, нарадзiўся ў 1913 годзе ў вёсцы Воземля Акцябрскага раёна. А потым — толькi белыя плямы… З якой нагоды апынулiся ў Глуску? Чаму не было сваякоў па лiнii бацькi? Дзе месца пахавання iх дзеда Iвана Зiневiча?

Калi дзецi задавалi пытаннi бабулi — Вользе Рыгораўне, мацi Мiхаiла Iванавiча, адказ заўсёды быў кароткiм: “Пра гэта ведаць не трэба”. Толькi з асаблiвай пяшчотай Вольга Рыгораўна перабiрала свае яшчэ дзявочыя карункавыя ўборы ды працірала пыл са знакамiтага кузняцоўскага фарфору Будаўскай мануфактуры…

З асаблiвай павагай да Вольгi Рыгораўны ставiўся Сяргей Iванавiч Грахоўскi. У адным са сваiх лiстоў да сябра ён пiсаў: “Дарагi Мiша! Уся мая сям’я вiншуе цябе i ўсiх тваiх блiзкiх, асобна — маму, са святам Кастрычнiка! Шчасця вам, святла i душэўнага цяпла на доўгiя гады!..” I далей ён прыгадвае гасцiннасць маiх сваякоў: “Часта ўспамiнаем той сонечны дзень у тваёй гасцiннай хаце. Няхай яна заўсёды поўнiцца дабром i шчасцем!”

А я памятаю, як рыхтавалiся да гэтай сустрэчы! Колькi было радасцi, хвалявання! Як было вырашана, што каву патрэбна падаваць менавiта ў кубачках Будаўскай мануфактуры. Як сказала Вольга Рыгораўна, “залатому чалавеку — залаты i посуд!”.

I далей у гэтым лiсце Сяргей Iванавiч прыгадвае таго самага трэцяга сябра — Андрэя: “Нядаўна быў у Кiеве, у Андрэя. Успамiналi цябе. Яму цяжка, але ён малайцом! Будзь шчаслiвы! Моцна абдымаю! Твой Сяргей”. У гэтых кароткiх радках — велiчыня асобы Сяргея Iванавiча, яго асаблiвае стаўленне да людзей, яго адданасць i сяброўства, пранесенае праз усё жыццё.

Зразумела, я не была асабiста знаёма з Сяргеем Iванавiчам Грахоўскiм: не той узрост, каб казаць аб знаёмстве. Шкада, што даследаваннем яго творчасцi пачала займацца значна пазней, калi прыйшло сталае ўсведамленне значнасцi i велiчынi яго асобы, спасцiжэнне яго мастацкай самабытнасцi i грамадзянскасці.

Аднак зараз вiдавочна, што здзейснiла свой прафесiйны выбар дзякуючы ў тым лiку i Сяргею Iванавiчу, таму што менавiта яго верш “Народная настаўнiца”, якi прапанавала вывучыць мая цётка, Клаўдзiя Iванаўна Скiндзер, настаўнiца роднай мовы i лiтаратуры, я з вялiкiм задавальненнем дэкламавала са школьнай сцэны i лiчу яго жыццёвым i прафесiйным крэда маiх дваццацi сваякоў-настаўнiкаў.

Знойдзеныя напярэдаднi 110-годдзя нашага славутага земляка  невядомыя старонкi лiставання “ўскосных сваякоў па жыццi”  — Сяргея Iванавiча Грахоўскага i Мiхаiла Iванавiча Зiневiча — перададзены ў Глускi раённы гiсторыка-краязнаўчы музей. Яны з’яўляюцца сведчаннем таго, што сапраўдныя каштоўнасцi не знiкаюць, захоўваюцца насуперак выпрабаванням, з цягам часу набываюць яшчэ большую значнасць i вызначаюць новыя шляхi даследавання пад назвай “Грахоўсказнаўства”.

Iрына СКIНДЗЕР-МАЛАШУК,

кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт

Последние новости

Власть

С Днем работников нефтяной, газовой и топливной промышленности! Поздравляет руководство района

6 сентября 2026
Читать новость
Здоровье

Коллектив Глусской районной больницы пополнили девять молодых специалистов

5 сентября 2026
Читать новость
Власть

С Днем белорусской письменности! Поздравление от руководства области

5 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Прокачай безопасность: три важные настройки телефона

4 сентября 2026
Читать новость
Происшествия

На пожаре в Могилёвском районе погиб пенсионер

4 сентября 2026
Читать новость
Образование

Первое сентября: как в Глусском районе отметили День знаний

4 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем