У Глуску адсвяткавалі «Сузор’е талентаў»

Гран-пры фестывалю паехаў у Клічаў, аднак жа і на Глушчыне засталося нямала дыпломаў… У суботу 10 жніўня наш райцэнтр прымаў удзельнікаў 13-га рэгіянальнага фестывалю сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”.
Пачаўся ён прыгожым шэсцем усіх удзельнікаў, а гэта ні многа ні мала больш за трыццаць сем’яў з трох абласцей — Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай. Калі гаварыць больш канкрэтна, то наш Глускі раён прадстаўлялі аж 13 сем’яў, астатнія прыехалі з Бабруйска і Бабруйскага, Клічаўскага, Кіраўскага, Чэрыкаўскага, Магілёўскага, Акцябрскага, Любанскага і Горацкага раёнаў.






На свята былі запрошаны і прысутнічалі на ім ганаровыя госці — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзьячэнка, намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Уладзімір Кніга, намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Аляксандр Шульц, намеснік начальніка аддзела народнай творчасці, культурна-дасугавай дзейнасці і ўстаноў адукацыі ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Іна Трыфанава.

Вітаючы ўсіх, хто сабраўся на ўрачыстае адкрыццё, старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў сказаў: “Фестываль сямейнай творчасці — яркая падзея для Глушчыны, якая сімвалізуе сямейную пераемнасць, перадачу традыцыйных сямейных каштоўнасцей з пакалення ў пакаленне”. Аляксей Жураўлёў выказаў упэўненасць, што фестываль на гасціннай глускай зямлі будзе садзейнічаць умацаванню сяброўства паміж рэгіёнамі, аб’яднае агульнымі творчымі інтарэсамі і імкненнем жыць у згодзе, берагчы традыцыі. Старшыня райвыканкама пажадаў усім удзельнікам натхнення, здароўя, шчасця і дабрабыту, а пасля даў старт новай традыцыі — зрабіў першы запіс у фестывальным альбоме, які будзе папаўняцца фотаздымкамі з кожнага чарговага фестывалю.
Конкурсная праграма складалася з трох намінацый: “Рукатворны цуд” (па напрамках: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і выяўленчае мастацтва); “Крыніцы творчасці” — музычна-песенны конкурс; “З пакалення ў пакаленне” — на лепшае прадстаўленне сямейнага абярэгу (ручніка, каравая). Сем’і маглі ўдзельнічаць як у адной-дзвюх намінацыях на выбар, так і ва ўсіх адразу.



У журы ўвайшлі намеснік начальніка аддзела аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алена Рулёва, загадчык аддзела традыцыйнай мастацкай культуры Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Наталля Аніковіч, загадчык аддзела традыцыйных культур і рамёстваў Палаца мастацтваў горада Бабруйска Ірына Цыганкова, мастацкі кіраўнік Палаца мастацтваў горада Бабруйска Наталля Чугуева, настаўнік па класе фартэпіяна Глускай ДШМ імя В. К. Іванова Наталля Кузьміна, педагог працоўнага навучання і чарчэння гімназіі Глуска Аксана Грыгор’ева. Узначаліў журы старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў.
Па мне, дык на гэтым свяце творчасці не было лепшых або горшых — усе ўдзельнікі падарылі глушчанам цудоўны настрой. Інакш і быць не магло, бо кожная хвіліна гэтага дня аказалася насычанай падзеямі.
З галоўнай фестывальнай сцэны гучала музыка: свае нумары гасцям свята дарылі не толькі канкурсанты, а яшчэ і артысты Цэнтра культуры і вольнага часу “Арыён”, народнага ансамбля народнай песні “Вярбічанька” і госці фестывалю — народны казацкі ансамбль “Вольніца” з Бабруйска.



А ўжо якая прыгажосць была на бульвары Грахоўскага, дзе ўдзельнікі разгарнулі выставы сваіх работ! Хутчэй пералічыш, чаго там не было, бо вышыўка (стужкамі, гладдзю, крыжыкам), кераміка, жывапіс, эмаль, карункі, іконы, драўляныя вырабы і вырабы ўжо ў зусім нейкіх незнаёмых тэхніках (галоўнае: прыгожа і арыгінальна!) — усё гэта і яшчэ трошку больш там было.
Аднак жа журы ўсё ўважліва агледзела, выступленні праслухала — і, параіўшыся, вынесла сваё рашэнне. Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі 14 сем’яў, у тым ліку сем’і Байдаковых, Міроненка, Мірончык, Окрут, Самуйлік, Сокал-Рошчыных, Цагельнік і Шарамет з Глускага раёна.
Назаву іншыя дыпломы, што засталіся на глускай зямлі.
У конкурсе “Рукатворны цуд” (выяўленчае мастацтва) глушчане занялі ўвесь п’едэстал: дыплом 3-й ступені атрымала сям’я Галамака, 2-й ступені — сям’я Балкіс, 1-й ступені — сям’я Крамянецкіх. Сям’я Крамянецкіх стала таксама ўладальніцай дыплома 2-й ступені ў конкурсе “З пакалення ў пакаленне”. У конкурсе “Рукатворны цуд” (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва) сям’я Станкевіч заняла 3-е месца, сям’я Меснік — 1-е.
Шчодрае аздабленне фестывалю (у тым ліку вячэрні салют, які доўжыўся, між іншым, больш за шэсць хвілін) і добрыя прызы і падарункі ўсім удзельнікам не былі б магчымымі без шчодрых спонсараў. Фінансава дапамаглі арганізаваць свята Глускі лясгас, “СП-ЦімКарбо”, “БНБК-АГРА Глуск”, фермерская гаспадарка Норэнберга Юрыя Вячаслававіча, ТАА “БелАграНіка”, ІП Ваяводаў Павел Аляксандравіч, ТАА “Базмэйн”, фермерская гаспадарка Яковіча Аляксея Сяргеевіча, ПГТУП “Вікалюр”, ПГУП “Паляна-торг”, ПГУП “Асторыя-торг”, ІП Прыгара Андрэй Іванавіч, ІП Калініна Вольга Мікалаеўна, ІП Аніперава Вольга Мікалаеўна.