#ПраГрахоўскага

З успамінамі Сяргея Іванавіча Грахоўскага пра Глуск асабіста я пазнаёмілася, калі ўрыўкі з яго дакументальнай элегіі “Мястэчка… Мястэчка” друкаваліся ў раённай газеце “Радзіма”. Было гэта акурат на мяжы дваццатага і дваццаць першага стагоддзя, у 1999-м, і я, студэнтка-летуценніца, будучы філолаг, з прагаю ўчытвалася ў кожны радок, прасякнуты любоўю паэта да свайго роднага кутка. Прызнаюся, некаторыя ўрывачкі нават перапісвала ў асобны сшытак. Тады тэкст “Мястэчка…” знайсці было цяжка, хіба што ў часопісе “Полымя”, дзе друкаваўся ён на пачатку дзевяностых. Дарэчы, у маёй калегі і зараз захоўваецца ксеракопія, не самая якасная, таго часопіснага варыянта.
Між іншым, у раёнцы “Мястэчка…” не проста так вырашылі надрукаваць у 1999-м. Сяргей Іванавіч, лічы, жыў паралельна са сваім векам, і на зыходзе стагоддзя яго ўспаміны пра жыццё роднага пасёлка літаральна “прасіліся” на старонкі глускай газеты. Так гаворыцца ў прадмове. Там жа згадваецца і другая прычына: вырасла новае пакаленне, якое многага не ведае пра быт, пра падзеі, пра людзей, што жылі ў Глуску.
У юбілейны год паэта мы вырашылі, што будзе добра, калі на старонках газеты зноў прагучаць успаміны Сяргея Іванавіча пра яго і наша роднае мястэчка. Пра Глуск, якім ён быў у маленстве і юнацтве паэта, — “ціхае, невялічкае… паселішча з дзвюма-трыма брукаванымі вуліцамі, з вялікаю рыначнаю плошчаю пасярэдзіне, з доўгім шэрагам крам і крамак, з шумнымі асеннімі кірмашамі, з адною або з дзвюма цэрквамі, некалькімі сінагогамі”. Пра тыя шматлікія вясёлыя і сумныя падзеі, якімі жылі мястэчка і яго жыхары. Пра асінавую прадукцыю Кушнера — знакамітую спартры, пра балаголаў, пра “лізіён” (нямое кіно), пра помнік Мікалаю Другому (і такі помнік быў у Глуску!), пра трывожнае лета 1929-га, калі кожную ноч здараліся пажары, пра першы аўтобус у Глуску, пра тое, як хадзілі калядаваць, хаваючыся і маскіруючыся, піянеры і камсамольцы, пра суцэльнае захапленне местачковай моладзі тэатрам, пра доктара Сямёнава, пра настаўнікаў і святароў, пра людзей розных, а найбольш — пра добрых, якія пакінулі след у гісторыі мястэчка і памяці местачкоўцаў. Гэтай памяццю і дзеліцца Сяргей Іванавіч у сваім, як па мне, самым шчымлівым празаічным творы… Творы-песні, творы-паэме, творы-гімне роднаму свайму мястэчку.
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ