Кожная пятніца — роднае, сваё! Сёння прапануем прыгатаваць адну з любімых страў беларусаў гарачай парой — халаднік

У даўнія часы халаднікі рабілі на бурачным ці хлебным квасе, на адвары шчаўя, на злёгку падкіслай сыроватцы. Дадавалі перацёртыя або дробна накрышаныя агуркі
(а вясной, калі іх яшчэ не было — агурочны пустацвет), бацвінне, зялёную цыбулю, кроп, часам радыску. Салілі і “забельвалі” нечым малочным, часцей за ўсё смятанай. У шляхецкіх дварах у халаднік дадавалі пакрышаныя кавалкі лёду.
Гісторыкі згадваюць такі кур’ёзны выпадак. Нямецкі лекар Ёган Петэр Франк, прафесар медыцыны, у 1805 годзе ехаў у Нясвіж кансультаваць князя Міхаіла Гераніма Радзівіла. У дарозе ён моцна прамок і марыў, што яго сустрэнуць талеркай гарачага супу. Уявіце сабе, як жа доктар быў здзіўлены і засмучаны, калі яму прапанавалі талерку халадніку з кубікамі лёду!
Як і многія нацыянальныя стравы, халаднік мае шмат варыянтаў прыгатавання, і ў кожнай гаспадыні — акурат той самы, самы правільны і смачны, рэцэпт. Таму мы вам прапануем дзве “версіі” — на кефіры і на вадзе.
Халаднік на кефіры
Спатрэбяцца кефір любой тлустасці, вараны бурак, свежая зеляніна (кроп, цыбуля), агуркі, радыска (па жаданні), варанае яйка, соль, вада і лімонная кіслата (па неабходнасці).
Бурак парэжце на невялікія кавалачкі, саломкай ці кубікамі, і дадайце да кефіру. Калі ваш кефір тлусты, разбаўце яго халодным кіпенем да патрэбнага смаку. Дабаўце дробна пакрышаныя зеляніну і агуркі. Перамяшайце, крышку пасаліце. Пакаштуйце і пры неабходнасці дадайце лімоннай кіслаты на свой смак. Яйка парэжце на кавалачкі альбо на дзве палавіны, як вам зручней. Можаце пакласці яго адразу ці непасрэдна ў талеркі перад падачай на стол. Пастаўце на некалькі гадзін у халадзільнік.
Халаднік на вадзе
На 400 г буракоў спатрэбяцца 1 свежы агурок, зялёная цыбуля, кроп, дробка лімоннай кіслаты,
1 ч. л. солі, 1 ч. л. цукру, 2—3 шт. перцу гарошкам, 1 гарошына гваздзікі, вада, смятана, яйка.
Звараныя буракі рэжам саломкай або кубікамі.
Для марынаду ў каструлю наліваем 0,5 л вады, дадаем соль і цукар, лімонную кіслату, перац, гваздзіку. Марынад даводзім да кіпення, заліваем ім буракі, астуджаем і ставім у халадзільнік на 8—12 гадзін.
У талерку кладзём 1—2 ст. л. марынаваных буракоў, парэзаныя агуркі, зялёную цыбулю, кроп. Наліваем 250—300 г кіпячонай халоднай вады і 1—2 ст. л. марынаду. Усё перамешваем, кладзём палову варанага яйка і лыжку смятаны.
Смачна есці!