Роднае, сваё. У трэцюю пятніцу месяца будзем гатаваць салодкую страву — аладкі ў смятане з макам

Вы можаце напякчы аладак па сваім любімым рэцэпце або скарыстацца вось такім. На 200 мл кефіру ўзяць 150—160 грам пшанічнай мукі, 1 чайную лыжку цукру, 0,5 чайнай лыжкі соды і дробку солі.
Кефір павінен быць цёплым, дык дастаньце яго зараней ці падагрэйце ў мікрахвалёўцы. Дадайце да яго цукар і соль, перамяшайце, затым у некалькі прыёмаў, перамешваючы, усыпце муку, апошняй дабаўце соду і яшчэ раз хутка і энергічна перамяшайце. Выпякайце на добра разагрэтым посным масле.
Для заліўкі трэба крыху падсмажыць мак, узяць смятану патлусцей, добранька ўзбіць яе з цукрам і дабавіць мак.
Абмакваем аладкі ў заліўцы і даём настаяцца.
Смачна есці!