Темы

ГЛУСК: 1396—2026. Глуск-Пагарэлы і яго ўладальнікі

ГЛУСК: 1396—2026. Глуск-Пагарэлы і яго ўладальнікі

Працяг. Пачатак у № 4.

Спачатку Глуская воласць належала нашчадкам першага яе ўладальніка Івана Гальшанскага. Потым Глуск (мы ўсё яшчэ гаворым пра той Глуск, што быў на месцы сучаснай вёскі Гарадок) і часткі воласці пачалі пераходзіць да розных асоб праз шлюб, куплю-продаж ці абмен. Супярэчнасці паміж двума ўладальнікамі прывялі да жорсткай міжусобнай вайны. Выпальванне Глуска разам з замкам стала прычынай хуткага заканчэння гісторыі існавання горада.
Уладарамі Глуска і воласці ў свой час былі вядомыя гістарычныя асобы. Праўнук Івана Гальшанскага Павел Аляксандравіч займаў пасаду віленскага біскупа. Канстанцін Іванавіч Астрожскі і Ян Іеранім Хадкевіч — вядомыя дзяржаўныя дзеячы і палкаводцы. Альбрэхт Гаштольд быў галоўным рэдактарам першага Статута 1529 года, апекуном Францыска Скарыны, лічыўся самым багатым магнатам Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля смерці сына Канстанціна Астрожскага Ільі Глуск і частка воласці адышлі да яго ўдавы Беаты Касцялецкай. Пра жыццё гэтай жанчыны пры жаданні можна было б напісаць вялікі прыгодніцкі раман. Апошняй яе авантурай стаў шлюб з серадзкім ваяводам Альбрэхтам Ласкім, які быў старэйшы за яе на 21 год. Альбрэхт Ласкі прэтэндаваў на малдаўскі трон і ажаніўся з Касцялецкай толькі для таго, каб атрымаць сродкі для сваіх рызыкоўных ваенных паходаў. Новы муж вывез Беату ў свой замак у Венгрыі і прымусіў адпісаць усе ўладанні на яго імя. Пасля гэтага пасадзіў жонку пад арышт. Праз адзінаццаць год у няволі яна памерла, так і не атрымаўшы дапамогі ад еўрапейскіх манархаў і знаёмых магнатаў.
Уладанні Кіева-Пячэрскай лаўры ў Глускай воласці выкупіў Уладзімір Забалоцкі. Па паходжанні Уладзімір Сямёнавіч Забалоцкі быў нашчадкам смаленскіх князёў. Пачынаў служыць маскоўскаму цару, але з-за нечага пасварыўся са сваімі братамі і збег да Жыгімонта II Аўгуста. Быў Забалоцкі чалавекам адораным, валявым і рашучым. Ён хутка заваяваў давер караля і яго маці Боны Сфорца. Атрымаў за службу некалькі маёнткаў і адразу пачаў варагаваць з суседзямі. У некалькіх судовых справах апісваюцца страшэнныя нават для сярэднявечча зверствы Забалоцкага і яго наймітаў.
У канцы 1567-га ці ў пачатку 1568 года Уладзімір Забалоцкі абменьвае адзін са сваіх маёнткаў, Лепясоўку, на Глуск у Альбрэхта Ласкага. Праз некаторы час Забалоцкі расчараваўся ў абмене і пачаў вінаваціць Ласкага ў нядобрасумлен-насці. Кароль задаволіў яго скаргу і адмяніў прывілей Ласкага на Лепясоўку. Ласкі аднак адмовіўся аддаваць Лепясоўку і паспрабаваў выгнаць Забалоцкага з Глуска. У стацейным спісе 1571 года маецца справаздача пра Забалоцкага і спаленне Глуска, якую рускія паслы склалі для маскоўскага цара Івана IV Грознага. Людзі Ласкага выманілі з Глуска пастаўленага Забалоцкім урадніка быццам бы для замірэння і ўрачыстага балявання. Потым праціўнік захапіў Глуск і падрыхтаваўся да абароны. Забалоцкі, праведаўшы пра гэта, штурмаваў замак і горад. Бітва скончылася спаленнем Глуска, а атрад Ласкага быў перабіты.
Кароль Жыгімонт II Аўгуст рашуча загадаў спыніць міжусобную вайну і прызначыў суд на 7 лістапада 1570 года. Забалоцкі зрабіў выгляд, што скарыўся, прыехаў на суд. Але не з’явіўся яго праціўнік Ласкі. Разбор справы быў перанесены, але цяпер ужо не стаў чакаць Забалоцкі. Даведаўшыся, што кароль прыме рашэнне на карысць Ласкага, ён употай выязджае ў Трансільванію і паступае на службу да венгерскага караля.
Пасля абрання Стэфана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Забалоцкі разлічваў паквітацца са сваімі ворагамі і вярнуць былыя ўладанні. Ён дабіўся ад караля вяртання Лепясоўкі, якую Ласкі быў вымушаны яму саступіць. Магчыма, змог бы вярнуць і Глуск. Але чарговы канфлікт з Крыштафам Радзівілам Перуном у 1580 годзе стаў для яго апошнім. Пры сустрэчы з Радзівілам Забалоцкі наўмысна не праявіў належнай павагі і не зняў перад кашталянам троцкім свой капялюш. Радзівіл назваў Забалоцкага здраднікам, той абразіў яго ў адказ. На наступны дзень раніцай слугі Радзівіла напалі на Забалоцкага, калі ён накіроўваўся ў царкву, і паранілі яго. Пасля чаго Крыштаф Радзівіл пад’ехаў да свайго крыўдзіцеля і сказаў, што цяпер яны паквіталіся. Забалоцкі быццам бы прынёс прабачэнні і прасіў не забіваць яго. Радзівіл пагадзіўся, але адзін з яго целаахоўнікаў зрабіў выгляд, што не пачуў загаду свайго гаспадара. Ён падскочыў да Забалоцкага і нанёс таму смяротную рану ў грудзі. Праз дзве гадзіны Уладзімір Забалоцкі памёр. Стэфан Баторый быў вельмі засмучаны смерцю свайго фаварыта, нават напісаў узвышаную эпітафію на яго пахаванне.
Драма, якая разыгралася паміж былым і будучым уладальнікамі Глуска, бурна абмяркоўвалася ў грамадстве. Магнаты і значная частка шляхты падтрымлівалі Радзівіла Перуна і апраўдвалі яго перад каралём. Забалоцкага ж грэбліва звалі “двойчы здраднікам”. Мала хто спачуваў забітаму, але былі і такія. Напрыклад, дзяржаўны дзеяч і пачынальнік мемуарнай літаратуры Фёдар Еўлашоўскі, які прысвяціў гэтым падзеям некалькі старонак свайго вядомага дзённіка.
Крыштаф Радзівіл Пярун ажаніўся з Альжбетай Астрожскай і таксама стаў уладальнікам часткі Глускай воласці.
Каб павялічыць свае глускія ўладанні, ён выкупае ў 1593 годзе Глуск і 16 вёсак у тагачаснага ўладальніка князя Палубінскага. Пазней гэта частка Глускай воласці была далучана да слуцкіх уладанняў Радзівілаў.
Некаторы час Глуск называўся і быў пазначаны на картах як Глуск-Пагарэлы. Паступова назва перастала сустракацца ў гістарычных дакументах. Магчыма, што нешматлікія пасяленцы былі ўключаны ў склад маёнтка Гарадок. Вялікую цікавасць выклікае ў археолагаў спалены замак старога Глуска. Мяркуецца, што драўляны замак у Глуску-Дубровіцкім будаваўся па яго прыкладзе. Але пакуль што пошукі страчанага замка не прынеслі выніку.
А. ЕМЯЛЬЯНАЎ
Працяг у № 15

Последние новости

Власть

С Праздником труда поздравляет Анатолий Исаченко и Александр Горошкин

1 мая 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко провел телефонный разговор с Президентом Ирана

30 апреля 2026
Читать новость
Будь в курсе

Глусский РОЧС. Почему установка АПИ — это необходимость

30 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко призывает прекратить отток населения из регионов и «бешеную стройку жилья» в Минске

30 апреля 2026
Читать новость
Культура

Сегодня в Глуске — премьера художественного фильма «Одно на двоих» Национальной киностудии «Беларусьфильм»

30 апреля 2026
Читать новость
Общество

Як да глушчан прыязджаў “голас Перамогі”

30 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем