Кожная пятніца — роднае, сваё. Крычаў

У другую пятніцу месяца згадаем, дзеля чаго варта наведаць Крычаў. А там і сапраўды ёсць на што паглядзець.
Самы вядомы турыстычны аб’ект горада — палац князя Пацёмкіна. Беларуская сядзіба фаварыта Кацярыны II Рыгора Пацёмкіна — помнік архітэктуры канца XVIII ст. Палац адрэстаўрыраваны, там праводзяцца экскурсіі і мерапрыемствы.


Дапытліваму турысту цікава будзе праехаць па Кацярынінскім шляху. У 1787 годзе Кацярына II наведала Крычаў і Крычаўскае староства. У наш час засталіся некаторыя часткі гэтага маршруту — дарогі, уздоўж якой пасаджаны дрэвы, у асноўным бярозы, а забалочаныя месцы выкладзены камянямі.

На тэрыторыі сучаснага Крычаўскага раёна найбольш выразна захавалася частка шляху ад вёскі Сетнае да вёскі Горкі.
Гарадзішча “Гарадзец”, дзе захаваліся элементы абарончых валоў і рова.
Гарадзішча “Замкавая гара” на высокім беразе Сожа. Апрача іншага, там захаваліся рэшткі ледніка — старажытнага халадзільніка, канструкцыя якога дазваляла ўсё лета трымаць тэмпературу +5—+9 градусаў.
Свята-Мікалаеўская царква на Замкавай гары, самая старажытная дзеючая царква ў горадзе, будавалася адначасова з замкавымі ўмацаваннямі ў канцы XII—XIII стст. Таксама ў Крычаве ёсць Храм УваскрэшанняХрыстова, будынак канца XIXст., і Свята-Пакроўская царква сярэдзіны XX ст.
Паштовая станцыя 1850 года, архітэктурны помнік неагатычнага стылю.
Чыгуначная станцыя ў Крычаве налічвае больш за сто год. Першы будынак вакзала быў пабудаваны ў 1923 годзе, падчас вайны моцна пашкоджаны,
і ў 1950-м адбудавалі новае памяшканне.
На прывакзальнай тэрыторыі некалькі год назад устанавілі рарытэтны паравоз ЭР-789-22. Надзейныя і магутныя, паравозы серыі ЭР маглі эксплуатавацца на любых, нават самых зношаных шляхах, што было важна ў ваенны і пасляваенны перыяд.
Адна з вуліц Крычава названа імем Мікалая Сірацініна, які загінуў тут у ліпені 1941 года.
У няроўнай схватцы з танкавай калонай ворага Мікалай Сірацінін падбіў 11 танкаў і 7 бронетранспарцёраў, знішчыў 57 салдат і афіцэраў ворага. Фашысты пахавалі савецкага воіна з усімі вайсковымі ўшанаваннямі, а нямецкі палкоўнік сказаў пра яго: «Калі б усе салдаты фюрара біліся так, як гэты рускі, мы даўно б заваявалі ўвесь свет!» Астанкі Мікалая Сірацініна перапахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў у Крычаве. На месцы бою ўзведзены абеліск.
У Парку Перамогі знаходзяцца Курган Славы, Алея Славы, помнік афганцам, помнік-самалёт.
У вёсцы Прудок — помнік ахвярам фашызму на месцы масавага расстрэлу ваеннапалонных Крычаўскага лагера смерці і мірных жыхароў.
Сквер “Гістарычнай Памяці” раскажа цікаўнаму госцю горада пра мінулае, напрыклад, аб тым, што ў Крычаве існавала суднаверф.
Ёсць у Крычаве адмысловая зона адпачынку — “Экалагічны гарадок”, з альтанкамі, дзіцячай пляцоўкай і назіральнай пляцоўкай на беразе возера.

А ў вёсцы Нізкі ёсць гаючая крыніца, там устаноўлены купель і капліца, а таксама захаваліся таполі з панскага саду, якім болей за сто гадоў.