Темы

Заўсёды актуальны каляндар

Заўсёды актуальны каляндар

Аляксандр Тарасевіч жыў і працаваў у Глуску з 1672-га па 1677 год. У гэты час ім былі створаны 40 гравюр на медзі ў стылі барока для Разарыума — збора малітваў Багародзіцы, выдадзенага ў Вільні ў 1678—1679 гадах. Гравюры каляндарнага цыкла ў гэтым выдатным помніку лацінамоўнай літаратуры Беларусі выклікаюць шмат пытанняў і не перастаюць прыцягваць да сябе ўвагу мастацтвазнаўцаў і аматараў друкаванай графікі.

Талер маленькі, але даражэнькі

Каляндарныя гравюры — самыя маленькія (6,8х10,5 сантыметра) з усіх сарака ілюстрацый і маюцца толькі ў лацінскім варыянце выдання кнігі. На іх паказваюцца сезонныя гаспадарчыя работы і побыт на кожны месяц года з адпаведным знакам задыяка. Чым жа яны такія незвычайныя? Ілюстрацыі з цыкла “Дванаццаць месяцаў” былі распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе, а вось у кніжнай гравюры ўсходніх славян гэта адзінкавы выпадак. Да таго ж бытавыя сюжэты змешчаны ў зборніку малітваў. Хутчэй за ўсё, гэта зроблена па жаданні заказчыка князя Аляксандра Палубінскага, які сам падбіраў змест малітоўніка і кіраваў яго выданнем. Але чаму мастак не пазначыў на іх сваё імя?

Справа ў тым, што ў Глуску Аляксандр Тарасевіч упершыню стаў падпісваць свае работы. Працаваў гравёр у Аўгсбургу, Вільні, Кіеве, магчыма, у Маскве, але Глуск — адзіны горад, назва якога сустракаецца ў тэкстах усіх падпісаных яго твораў. Гэты факт можа паслужыць доказам глускага паходжання славутага майстра. У той час існавала нават традыцыя сярод дзеячаў навукі і мастацтва ўпамінаць у сваіх творах, з якога горада яны родам. Тытульны ліст малітоўніка мае поўны подпіс “Alexander Tarasowicz sculpsit anno 1672 w Hlusku” (“Аляксандр Тарасовіч выразаў у 1672 годзе ў Глуску”). Дванаццаць вялікіх сцэн падпісаны карацей: “Alex. Tarasowicz sculpsit”. Пятнаццаць малых святочных сцэн маюць толькі ініцыялы “A. T”. А дванаццаць ілюстрацый каляндарнага цыкла мастак ніяк не пазначыў.

Пошук крыніц натхнення майстра

Як бы нам гэтага ні хацелася, але, на думку многіх даследчыкаў, на каляндарных гравюрах паказаны не глускія, а еўрапейскія, хутчэй за ўсё, германскія пейзажы. Цалкам верагодна, што наш мастак узяў за ўзор ілюстрацыі якога-небудзь знакамітага майстра, таму і не лічыў сябе іх паўнапраўным аўтарам. Калі не ведаеш, як, то вучыся на работах вопытнага папярэдніка — гэта галоўнае правіла таго часу. І сам Аляксандр Тарасевіч вывучаў чужы вопыт у час вучобы, а потым ужо маладыя майстры капіравалі яго творы. А можа, проста князь Аляксандр Гіляры Палубінскі, якому вельмі спадабаўся замежны каляндар, загадаў зрабіць што-небудзь падобнае. Праверыць гэту версію і знайсці знакамітага на той час еўрапейскага гравёра на медзі ці ілюстраваны каляндар зусім нескладана: эпоха медзярыту была дастаткова кароткай і майстроў еўрапейскага маштабу было не так ужо і шмат.

У першую чаргу прыцягвае ўвагу Матэус Мэрыан Старэйшы (Matthäus Merian der Ältere) — швейцарскі мастак, гравёр і выдавец з германскага горада Франкфурта. Ім створаны планы і віды еўрапейскіх гарадоў, карты асобных краін і карты свету. Гравюры Мэрыана выкарыстоўваліся для ілюстравання гістарычных і геаграфічных твораў, у яго гонар названы нямецкі часопіс падарожжаў. У 1622 годзе Мэрыан выдаў каляндар “Das Jahreskreis” (“Гадавы круг”). У ім маюцца гравюры, прысвечаныя сезонам і кожнаму месяцу года. Аўтарства гравюр — спрэчнае пытанне: адны спецыялісты лічаць, што зроблены яны самім Мэрыанам, іншыя прыпісваюць іх Пецеру Абры (Peter Aubry).

І вось яшчэ што цікава: сярод усіх вядомых гравюр са спрэчным аўтарствам (Мэрыан ці Абры) маецца пасмяротны партрэт Міхаіла Крычэўскага. У бітве пад Лоевам у 1649 годзе Крычэўскі кіраваў казацкім атрадам, а Палубінскі — сваёй уласнай сотняй гусар у войску Рэчы Паспалітай. Цяжка паранены Крычэўскі трапіў у палон і памёр ад ран. У ваенным паходзе супраць казакоў польнага гетмана Януша Радзівіла суправаджалі прыдворныя замежныя мастакі і рабілі замалёўкі подзвігаў свайго гаспадара і яго войска. Вялікі аматар мастацтва, Аляксандр Палубінскі мог пазнаёміцца з мастаком, які рабіў пасмяротны партрэт казацкага палкоўніка, і праз яго зацікавіцца выданнямі Мэрыана ці гравюрамі Абры.

Тое, ды не зусім

Гравюры Тарасевіча і іх магчымыя аналагі з календара Мэрыана адрозніваюцца па памерах. Работы Тарасевіча зусім невялікія ў параўнанні з нямецкімі, таму наш мастак спрасціў сюжэт і скараціў колькасць дэталей (людзей і жывёл, прыродных і гаспадарчых абʼектаў). Нават на выгляд яны падаюцца больш светлымі, бо выкананы меншай колькасцю штрыхоў. Пяць ілюстрацый (“Сакавік”, “Красавік”, “Ліпень”, “Жнівень”, “Лістапад”) вельмі нагадваюць работы еўрапейскага гравёра, хто б ён ні быў. Напрыклад, “Лістапад” абодвух майстроў паказвае нарыхтоўку сялянамі дроў і вельмі падобны па выкананні. У цэнтры абедзвюх гравюр “Сакавік” жанчына корміць хатнюю птушку; у тое, што гэта проста супадзенне, верыцца з цяжкасцю. У “Жніўні”, адпаведна назве, паказана жніво і сяляне, якія падсілкоўваюцца ў час кароткага адпачынку. У “Ліпені” і там, і там нарыхтоўваюць сена. Яшчэ больш нагадваюць адна адну ілюстрацыі “Красавік”. Мода на сады і паркі ў панскіх маёнтках, што паказаны на гравюры з замежнага календара, да беларускай шляхты яшчэ не дайшла. Таму ўбачыць іх Тарасевіч мог толькі ў работах іншых майстроў, вось і зрабіў нешта блізкае да арыгінала.

Чатыры гравюры (“Люты”, “Май”, “Верасень”, “Снежань”) таксама вельмі падобны па сюжэце, але Тарасевіч у рознай ступені змяніў іх змест. Напрыклад, на снежаньскай ілюстрацыі ў календары Мэрыана сяляне, як гэта звычайна прынята ў Германіі, забіваюць на Каляды цяля, а ў Тарасевіча, адпаведна з славянскімі традыцыямі, рэжуць свіней. У маі германскія феадалы і бюргеры хадзілі паляваць з сабакамі, але наш майстар паказаў звыклае для ліцвінскай шляхты коннае паляванне з сокаламі. На нямецкай гравюры “Люты” гараджане прагульваюцца ўвечары па вуліцы, асвятляючы шлях факеламі. Гарадская сцэна паказана і ў глускім варыянце. Толькі тут некуды збіраюцца скакаць коннікі, а двое закаханых мужчын спяваюць і музіцыруюць для дам свайго сэрца.

Значна зменены ў Аляксандра Тарасевіча сюжэт гравюры “Чэрвень”: работнікі заняты не нарыхтоўкай сена і купаннем у рацэ, а выпасам і стрыжкай авечак. Аднак авечкі прысутнічаюць на абедзвюх пейзажных замалёўках. А яшчэ дзве работы Тарасевіча зусім не падобны на адпаведныя ім з календара Мэрыана. На ілюстрацыі “Студзень” замест мяшчан, што ідуць па сваіх справах, і дзяцей, што катаюцца на каньках і санках, паказаны сяляне, якія пякуць хлеб у невялікай печы. Магчыма, зімовыя забавы сярод нашых жыхароў яшчэ не набылі шырокага распаўсюджання? А ў кастрычніку глускія сяляне займаліся сяўбой азімых збожжавых культур, што і паказана на ілюстрацыі да Разарыума. У той час як у нямецкім календары ў гэты месяц людзі проста ідуць ці едуць па розных гаспадарчых справах.

Каляндар, які не старэе

У якой бы ступені ні былі падобны гравюры Аляксандра Тарасевіча на работы Мэрыана ці Абры, яны і блізка не з’яўляюцца іх копіямі. Гэта цалкам самастойныя і па-майстэрску выкананыя работы. Яны і знешне розняцца, а сюжэтнае падабенства і агульныя дэталі заўважыць толькі мастацтвазнаўца ці крытычна настроены аматар. Але працаваць у Глуск Тарасевіч прыехаў ужо вядомым майстрам. Магчыма, што прафесійны гонар не дазволіў яму паставіць сваё імя пад творамі, якія ён рабіў па вельмі добрым, але чужым узоры? Да таго ж гравюры каляндарнага цыкла былі для яго самымі малазначнымі сярод іншых ілюстрацый да Разарыума.

Нават у наш час творы Аляксандра Тарасевіча па-ранейшаму прыцягваюць да сябе ўвагу вучоных і аматараў мастацтва. Беларусбанк выкарыстаў гравюры каляндарнага цыкла славутага мастака для афармлення аднаго са сваіх штогадовых карпаратыўных календароў. Дзесяцікласнікі, якія вывучаюць гісторыю Беларусі на павышаным узроўні, працуюць з імі на практыкумах. Нацыянальная бібліятэка Беларусі раз-пораз выстаўляе рэпрадукцыі з Разарыума на тэматычных выставах. Прадаюцца яны таксама на сусветным рынку стокавых фатаграфій. Напрыклад, вядомае брытанскае прыватнае агенцтва Alamy пры кошце сваіх фатаграфій ад аднаго да ста долараў прапануе каляндарныя гравюры Аляксандра Тарасевіча ў электронным выглядзе і спецыяльным фармаце па 39 долараў за адну ілюстрацыю. Попыт на творы сапраўднага мастацтва маецца заўсёды, бо іх гісторыка-культурная каштоўнасць з часам толькі ўзрастае.

А. Емяльянаў

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту

Последние новости

Общество

За безопасность вместе. Глусский район

2 ноября 2026
Читать новость
Власть

Построить в срок Нежинский ГОК. Лукашенко собрал совещание по важному для страны проекту

2 ноября 2026
Читать новость
Общество

Заўсёды актуальны каляндар

2 ноября 2026
Читать новость
Культура

Юные цимбалисты ансамбля «Акцент» Глусской детской школы искусств стали участниками нового проекта телеканала ОНТ «Арена славы»

2 ноября 2026
Читать новость
Общество

В честь профессионального праздника автомобилистам и дорожникам вручили награды за труд

1 ноября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Лучше предупредить, чем лечить

1 ноября 2026
Читать новость

Рекомендуем