На прыёме ў дэпутата


У малой зале Глускага райвыканкама, дзе днём трэцяга лістапада прыём грамадзян вяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Шутава, было нешматлюдна. Толькі два наведвальнікі, але з адной просьбай, калектыўнай, — ад імя жыхароў вёскі Даколь.
Праблема, з якой звярнуліся да дэпутата Наталля Долбік і Васіль Грамыка, тычылася рамонту дарожнага пакрыцця вуліцы Маладзёжнай, на якой, дарэчы, і пражываюць заяўнікі. “Стан дарогі дрэнны, меры, якія раней прымаліся для паляпшэння яе якасці, тая ж падсыпка на ўчастках, не дапамагаюць зняць гэту праблему”, — адзначылі вяскоўцы.
Безумоўна, гэты зварот будзе на асабістым кантролі Святланы Шутавай. Аднак хутка праблему не вырашыць, усё ўпіраецца ў фінансаванне. У любым выпадку заяўнікі атрымаюць пісьмовы адказ на свой зварот у адпаведнасці з заканадаўствам. Акрамя таго, дэпутат паабяцала ў наступны раз правесці выязны прыём грамадзян у Даколі. Так сказаць, каб і з людзьмі сустрэцца, і прама на месцы даведацца аб праблемах, якія іх хвалююць.
Ганна АЎТУХОВА
Фота аўтара