Там, дзе колісь стаяла царква. У вёсцы Пяценцы ўстанавілі і асвяцілі паклонны крыж

У вёсцы Пяценцы, побач з могілкамі, на месцы, дзе прыкладна з сярэдзіны XIX стагоддзя да 1960-х гадоў стаяла царква святой Параскевы, 10 лістапада ўстанавілі і асвяцілі паклонны крыж.
Менавіта ў гэты дзень Праваслаўная царква ўшаноўвае памяць Святой Параскевы, якая лічыцца заступніцаю жаночай працы і дзявочага лёсу. На беларускіх землях прыжыліся і іншыя назвы гэтага свята: Параска, Параскева Пяценка (альбо проста Пяценка), Параскімка, Параскоўя. Калісьці такія ж імёны часта давалі дзяўчынкам. Магчыма, у гонар Параскевы Пяценкі названая і вёска Пяценка ў нашым раёне.
Пра тое, што некалі ў вёсцы стаяла царква святой Параскевы, зараз памятае толькі адзіная цяпер жыхарка вёскі Вольга Яфімаўна Якімавец, а таксама нашчадкі мясцовых жыхароў, якія цікавяцца гісторыяй родных мясцін. Менавіта яны і сабраліся тут на асвячэнне паклоннага крыжа: віталі адзін аднаго, бо даўно не бачыліся, успаміналі, разважалі пра лёс мясцовай царквы і роднай вёскі.
“Я царкву не памятаю, — кажа Наталля, — бо нарадзілася калі яе ўжо не было. Але пра яе часта ўспаміналі мой старэйшы брат і тата. Яны расказвалі, што царква была драўляная, маленькая і стаяла побач з могілкамі, каля высокіх ліп, якія і сёння яшчэ тут растуць. Тата казаў, што калі царкву разбуралі (гэта было дзесьці ў пачатку 1960-х), то абразы, якія там знаходзіліся не адно дзесяцігоддзе, выкідвалі з памяшкання проста на зямлю. З Пяценкі і навакольных вёсак прыбеглі жанчыны, падбіралі тыя абразы і плакалі ў голас, бачачы такое зневажанне. Потым у будынку царквы зрабілі калгаснае зернясховішча. Карысталіся ім нядоўга і з часам увогуле разабралі. Я добра памятаю, як мая бабуля заўсёды казала, калі мы ішлі каля месца, дзе стаяла царква: “Дзеткі, абыходзьце, не ступайце сюды, нельга”. Доўгі час тут яшчэ расла вішня і побач было вялікае пустое месца, якое называлі “Выган”. Тут пасвілі кароў, дзеці гулялі ў футбол. А раней сюды на кірмаш збіраліся гандляры. Вельмі ўтульнае і прыгожае месца было”.
Вольга Яфімаўна Якімавец ўспамінае: “Пасля таго як царкву зачынілі і забаранілі там праводзіць службы, жанчына, якая жыла ў крайняй ад могілак хаце, быццам бы бачыла па вечарах на царкоўным ганку запаленыя свечкі. Безумоўна, гэта ёй так мроілася. Людзі не жадалі развітвацца з царквою і ў душы хацелі, каб яна зноў збірала вяскоўцаў на святочную службу, каб гарэлі свечкі і чуваць быў пах ладану”.
Канешне ж, царкву ўжо не вярнуць, але, як разважалі пяценцы, хаця б на гэтым месцы зараз будзе аб ёй памяць — паклонны крыж. Каб яго усталяваць, былыя вяскоўцы збіралі грошы на будаўнічыя матэрыялы, протаіерэй Міхаіл, благачынны Глускай акругі, даў крыж. Усталявалі яго ўраджэнцы вёскі Генадзь Ліпскі і Віктар Яльніцкі.
Протаіерэй Міхаіл выказаў меркаванне, чаму менавіта ў гэтым месцы магла знаходзіцца царква. Калісьці была такая традыцыя: на скрыжаванні шляхоў ставілі не толькі паклонны крыж, а і слуп, унутры якога быў абраз святой Параскевы Пятніцы. З цягам часу замест слупоў з’явіліся капліцы, а потым і маленькія цэркаўкі. Магчыма, так было і ў Пяценцы.
Протаіерэй Міхаіл асвяціў паклонны крыж на месцы царквы святой Параскевы, адслужыў малебен. Таксама павіншаваў вяскоўцаў са святам, падзякаваў ім за добрую справу.
У планах вяскоўцаў — зрабіць гэтае памятнае месца яшчэ больш прыгожым.
В. ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота аўтара



