Темы

Кропка на карце. Таямнічы сусвет у катлавіне рэліктавага возера

Кропка на карце. Таямнічы сусвет у катлавіне рэліктавага возера

Калісьці вельмі даўно Дзікае было проста вялізным возерам. А зараз гэта сапраўдны прыродна-гаспадарчы комплекс з азёр, балот, запоўненых вадой выпрацаваных кар’ераў, меліярацыйных каналаў, пакінутых і зарастаючых лесам пляцовак былой торфаздабычы. Нарыхтоўка торфу даўно спынілася, навакольныя вёскі значна апусцелі, але балоты, азёры і лес не выглядаюць мёртвымі: яны жывуць сваім жыццём і развіваюцца па ўласных законах.

Ёсць у пакінутых людзьмі прыродных і гаспадарчых абʼектаў своеасаблівая прыцягальнасць, таямнічасць і загадкавасць. Яны выклікаюць не прыгнечанасць ці сум, а захапленне, бо здаюцца сусветам іншай рэальнасці. Лясныя ж азёры прыгожыя самі па сабе, асабліва невялікія па памерах. На іх узбярэжжы вокам удаецца ахапіць амаль што ўсё люстэрка вады, у якой адбіваюцца неба і верхавіны дрэў.

Знойдуць на што паглядзець у наваколлі возера Дзікае аматары прыроды і прамысловага турызму (так завецца наведванне карʼераў, шахт, месцаў здабычы карысных выкапняў). Пра нешта новае змогуць даведацца знаўцы гісторыі. Рыбакі сцвярджаюць, што ў вялікім возеры добра ловяцца шчупакі.

У адпаведны сезон будзе чым заняцца прыхільнікам «ціхага палявання». Зайсці на балота і да азёр можна з боку розных вёсак, у залежнасці ад таго, што хочаце пабачыць. Але ў любым выпадку лепш узяць у праваднікі каго-небудзь з мясцовых жыхароў, прыняць і захоўваць неабходныя меры перасцярогі.

Спачатку было возера

Вялікае астаткавае возера ўтварылася ў прагіне зямной кары пасля раставання апошняга ледавіка. Карэнны яго бераг добра бачны на ўчастках ад вёскі Карпавічы да пасёлка Кіраўскае і ад Старога Сяла да Вільчы. З цягам часу спусціліся ці перасохлі рэчкі і ручаі, што жывілі возера вадой. Пацяпленне клімату і назапашванне на дне магутнай тоўшчы глею прывялі да паступовага змялення і памяншэння плошчы воднай паверхні. Абʼём адкладаў сапрапелю (азёрнага глею) ацэньваецца зараз у 1,9 мільёна метраў кубічных. У выніку зарастання возера воднай расліннасцю залежы сапрапелю перакрываліся ўсё больш магутным покрывам торфу. Нават цяпер, калі асноўныя радовішчы выпрацаваны, прамысловая плошча торфу складае 1387 гектараў, а яго балансавыя запасы — 1359 тысяч тон.

Само ж старажытнае возера паступова распалася на некалькі вадаёмаў, ад каторых зараз засталося два. Большы, каторы і завецца возера Дзікае, знаходзіцца прыкладна ў кіламетры на паўночны захад ад вёскі Прыварацце. Плошча яго складае каля 220 тысяч метраў квадратных, даўжыня і найбольшая шырыня — 520 і 420 метраў адпаведна. Возера працягвае зарастаць, у 1950-я гады яго максімальная глыбіня дасягала трох з паловай метраў, а зараз — каля паўтара метра. Меншы астаткавы вадаём месціцца бліжэй да вёскі Кляшчоўка, афіцыйнай назвы не мае, а мясцовыя жыхары завуць яго «Малое возера».

Ёсць і штучныя вадаёмы, якія ўзніклі на месцы затопленых вадой прамысловых выпрацовак. Жыхары Старога Сяла назвалі такое антрапагеннае возера, што непадалёк ад вуліцы Рабочай, проста «карʼер». Прыродныя і штучныя вадаёмы, размешчаныя ў катлавіне рэліктавага возера, абкружаны часткова асушаным тарфяным балотам і лесам.

А потым прыйшлі людзі

У цэнтры ўвагі беларускіх археолагаў былі ў асноўным помнікі старажытнасці на ўзбярэжжы Пцічы і яе прытокаў. І вось нарэшце ў палявым сезоне 2010 года адбылася разведка мясцовасці ад вёскі Карпавічы да пасёлка Кіраўскае. Гэты ўчастак, як пазначана ў справаздачы, уяўляе «асаблівы інтарэс». Дзіва што: дзе ж яшчэ сяліцца старажытным людзям, як не на ўзбярэжжы вялізнага возера?!

У наваколлі вёскі Карпавічы вынайдзены тры помнікі, два з каторых датуюцца каменным і бронзавым вякамі, а трэці адносіцца толькі да новага часу. Сярод знаходак апрацаванага крэменю маюцца фрагменты рубіл і скрабкоў, адшчэпы і пласціны для рэжучых і рубячых прылад працы. Амаль што ўвесь крэмень мясцовы — марэнны, брудна-шэрага колеру. Аднак фрагмент рубіла, адна пласціна і тры адшчэпы зроблены са светла-шэрага мелавога крэменю: відаць, трапілі сюды з іншай мясцовасці. Знаходкі новага часу (XVII—XIX стагоддзяў) складаюцца з фрагментаў ганчарнай керамікі, зубоў і перапаленых костак жывёл.

У пасёлку Кіраўскае стаянка каменнага і бронзавага вякоў, селішча новага часу вынайдзена ў самым цэнтры паселішча пад жылой забудовай і на грунтавой дарозе. Археолагі сабралі тут калекцыю апрацаванага крэменю перыяду камня і бронзы, а таксама фрагменты ганчарнай керамікі новага часу. Вынікі археалагічных разведак абнадзейваюць, застаецца толькі дачакацца больш грунтоўных даследаванняў.

На карэнным беразе старажытнага возера, метрах у двухстах ад Старога Сяла, на ўсход ад дарогі на Вільчу пачынаецца могільнік эпохі Старажытнай Русі з чатырох груп курганоў. Адна з іх, найбольш аддаленая ад вёскі, зараз знішчана разворваннем. Бліжэйшая ж група, самая вялікая, налічвае сорак сем насыпаў. Частка курганоў мае кальцавыя ровікі і ровікі з перамычкамі. У іх распальваліся рытуальныя вогнішчы ў час развітання з нябожчыкам, а пасля і да гэтай пары яны служаць для адвядзення дажджавых вод ад пахавання.

Яшчэ адзін курганны могільнік маецца каля вёскі Вільча (раней звалася Волча). Такое размяшчэнне дрыгавіцкіх курганоў сведчыць пра тое, што гэта частка берага была найбольш прыдатнай для сельскагаспадарчага асваення. Нездарма ж Старое Сяло (пачатковая назва Казловічы, потым Старыя Казловічы) зʼяўляецца адным з найбольш старажытных паселішчаў у раёне. Назвы Дзікае і Волча (Воўча) часта сустракаюцца ў Беларусі і пазначаюць цяжкапраходныя лясныя і забалочаныя мясціны. Яны сведчаць, што балота і лес ужо некалькі соцень год назад займалі значную частку катлавіны рэліктавага возера.

Торфаздабыча і што ад яе засталося

Радовішчы торфу вакол возера Дзікае былі выяўлены і атрымалі эканамічную ацэнку ў 1930-я гады. Прамысловая здабыча паліва пачалася ў 1956 годзе, адначасова з ёй рос рабочы пасёлак Дзікае, назва каторага з 1961 года была зменена на Кіраўскае. Некаторы час торфапрадпрыемства ўваходзіла ў склад Глускага прамкамбіната. Потым торфаўчастак «Кіраўскае» ўключылі ў склад бабруйскага абʼяднання «Рэдкі Рог», а ў апошнія гады існавання ён быў далучаны да торфапрадпрыемства «Ганчанскае». Поўнасцю спынілася работа прадпрыемства ў 1996 годзе.

Калі скончыліся ліхія 90-я, зʼявілася было надзея на аднаўленне: у 2004 годзе землі і маёмасць былога торфазавода перадалі глускаму «Жылкамгасу». Здабыча торфу, хоць і не вельмі маштабная, на некаторы час аднавілася. Хацелі нават набыць і запусціць лінію па вытворчасці торфабрыкетаў. Планаваць можна колькі заўгодна, а эканоміка — навука дакладная: калі няма буйных спажыўцоў торфу, новай тэхнікі і тэхналогіі, спецыялістаў і інвестараў, то не будзе і вытворчасці. «Кладоўка сонца», як называў балоты ў сваім вядомым творы Міхаіл Прышвін, зачынілася ізноў. Як надоўга і ці не назаўсёды — пакажа час.

А што можна пабачыць зараз? На спадарожнікавых здымках добра відаць «карты» — гэта спецыяльна падрыхтаваныя асушаныя і з выкарчаванай расліннасцю пляцоўкі, дзе ішла торфаздабыча. Займаюць яны плошчу каля 200 гектараў, але зараз пустуюць і паступова ізноў зарастаюць хмызнякамі і лесам. Да іх трэба ехаць у Кіраўскае, паглядзіце вытворчасць і сам пасёлак, а дакладней, тое, які выгляд яны маюць зараз.

Дабрацца да аднаго з карʼераў прасцей за ўсё ў Старым Сяле: ад вуліцы Рабочай (прыкладна пасярэдзіне) была натаптана да яго сцежка. Вада не толькі запоўніла выпрацаваныя пусткі: малады лес, каторы паспеў было вырасці на асушаных калісьці картах, таксама забалочаны. Тонкія бярозкі стаяць у вадзе, цяжка сказаць, жывыя яны ці мёртвыя. Вада ў карʼеры цёмная і непразрыстая. Але, магчыма, ён быў нейкі час зарыблены, бо даводзілася бачыць там старую прагнілую паўзатопленую лодку.

Торф пад нагамі пругкі, усё навокал карычнева-іржавага колеру, ні жабы, ні птушкі, нават мухаморы не растуць. Пейзаж проста іншапланетны, яго нерэальнасць падкрэслівае нязвыклая для гарадскога вуха цішыня. Зімой жа, куды ні паглядзіш, усюды белая пустыня. Мясцовыя дзеці хадзілі на замёрзлы карʼер гуляць у футбол. Пасля таго як вытоптвалі снег, наступала чарга «хакея»: сапраўдная шайба, самаробныя клюшкі, а канькоў не меў ніхто.

Людзі на балоце

Як і ў людзей, у кожнага возера ёсць свае этапы жыцця. Яны маюць навуковыя назвы, але нават у спецыяльнай літаратуры вучоныя выкарыстоўваюць іх чалавечыя аналагі: юнацтва, сталасць, старасць, лядашчасць і паміранне. Толькі вымяраюцца гэтыя перыяды не гадамі, а многімі стагоддзямі. І на працягу гэтых стагоддзяў для людзей, што тут пасяліліся, возера і балота сталі неад’емнай часткай жыцця, іх лёсам.

Цяжкадаступныя азёры, балота, лес і сама назва Дзікае калі і палохаюць каго, то толькі спачатку. За чатыры дзесяцігоддзі торфаздабычы ў пасёлку Кіраўскае вырасла адно ці, можа, два пакаленні жыхароў. Але калі работнікам пасля закрыцця завода прапанавалі пераводзіцца на іншыя торфапрадпрыемствы, знайшліся такія, хто адмовіўся і застаўся жыць тут назаўсёды. І асабіста са свайго боку іх добра разумееш, бо нават пяць год, што давялося некалі пражыць у хатцы «на курыных ножках» на ўскрайку балота каля «карʼера», засталіся глыбока ў памяці. Як цяпер падумаць, то гэта былі самыя лепшыя гады жыцця.

Ператварэнне возера ў балота — гэта натуральны пераход прыроднага абʼекта ў іншы стан. Паступова ўтвараюцца тарфянікі, фарміруецца новы мікраклімат, вырастае балотная расліннасць. Але такі працэс абарачальны: існуюць зараз тэхналогіі амаладжэння азёр. Трэба выбраць са дна сапрапель і павывозіць на палеткі, дзе яму самае месца. Можна яшчэ дадаткова паглыбіць катлавіну і меліяраваць узбярэжжа, а астатняе прырода зробіць сама. Хто ведае, можа яшчэ і наступіць у возера Дзікае другая маладосць.

А. Емяльянаў

Фота аўтара

Последние новости

Общество

Кропка на карце. Таямнічы сусвет у катлавіне рэліктавага возера

4 сентября 2026
Читать новость
Образование

Як у Глуску прайшла жнівеньская педагагічная канферэнцыя

4 сентября 2026
Читать новость
Общество

Олег ДЬЯЧЕНКО: «В моей семье о том, что 17 сентября 1939 года завершилась национальная трагедия белорусов, знают не понаслышке»

4 сентября 2026
Читать новость
Власть

Госнаград и Благодарности Президента удостоены аграрии и коллективы сельхозпредприятий Брестской области

4 сентября 2026
Читать новость
Общество

Кожная пятніца — роднае, сваё. Успомнім самы вядомы верш самага вядомага паэта касцюковіцкага краю Аркадзя Куляшова

4 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

После школы— кто куда: в какие учебные заведения поступили выпускники 9-х и 11-х классов

3 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем