Темы

Глуск: 1396—2026. Смутны час глускай гісторыі

Глуск: 1396—2026. Смутны час глускай гісторыі

Працяг.

Папярэдняя частка ў № 38

У гістарычнай памяці многіх народаў ёсць свой смутны час: перыяд цяжкіх выпрабаванняў, гора і людскіх страт. Краіны і час розныя, а вось змест смуты аднолькавы: міжусобныя войны, сялянскія паўстанні, уварванне замежных войскаў, голад, эпідэміі смертаносных хвароб, прыродныя катаклізмы. Усё гэта давялося перажыць і жыхарам Глускай воласці ў сярэдзіне XVII стагоддзя.

Пачаткам трагічных падзей стала казацка-сялянская вайна, што ахапіла значную частку Вялікага Княства Літоўскага з 1648 года. Асобныя яе выступленні працягваліся да 1653 года.

А потым распачаліся Трынаццацігадовая вайна Маскоўскай дзяржавы і Рэчы Паспалітай, грамадзянская вайна, новыя антыфеадальныя выступленні, эпідэмія чумы, голад і нашэсце грызуноў.

Дэмаграфічныя страты Вялікага Княства Літоўскага ў час смуты з 1648 па 1667 год склалі каля паўтара мільёна чалавек, гэта больш за палову насельніцтва.

Войт Глускай воласці ў 1661 годзе пад прысягай паказаў на пасяджэнні Навагрудскага гарадскога суда аб спусташэнні воласці, у каторай засталося ўсяго 14 аселых дымоў (сялянскіх гаспадарак). Колькі загінула жыхароў, ніхто спецыяльна не падлічваў, бо ў той час падаткам абкладаўся дым, незалежна ад велічыні сям’і, што там пражывала.

Казацка-сялянская вайна

Казацка-сялянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім пачалася ў 1648 годзе пасля з’яўлення казацкіх атрадаў з Украіны: новы гетман Багдан Хмяльніцкі планаваў уключыць паўднёва-ўсходнюю Беларусь у склад сваёй дзяржавы. Паказачванне сялян, пагромы і рабаванне панскіх маёнтаў ахапілі Беларускае Палессе. (Паказачванне  — далучэнне мясцовых жыхароў да казацкіх загонаў або стварэнне ўласных паўстанцкіх атрадаў. З’ява гэта мела масавы характар і закранула ў першую чаргу сялянства, мяшчанства, а таксама частку праваслаўнай шляхты.)

Казацка-сялянскія атрады, што збіраліся ў Глускай воласці, абабраўшы мясцовых жыхароў, рушылі да Бабруйска. Там яны далучыліся да казацкага атрада Паддубіча і занялі горад пры падтрымцы бабруйскіх мяшчан. У выніку карнага паходу польнага гетмана Януша Радзівіла супраць паўстанцаў у 1649 годзе цалкам былі знішчаны Пінск, Тураў, Мазыр, Бабруйск, Рэчыца і іншыя гарады. Колькі перабілі казакі і сяляне шляхты, а шляхецкае войска Януша Радзівіла закатавала паўстанцаў і мірнага насельніцтва гарадоў і мястэчак, невядома да гэтай пары. У час крывавай расправы ў Бабруйску Радзівіл пасылаў карныя атрады ў бліжэйшыя гарады, але Глуск, відаць, выратавала тое, што казакам горад не паддаўся.

Хто з кім ваюе?

Пасля пачатку Трынаццацігадовай вайны значная частка праваслаўных сялян, мяшчан і шляхты добраахвотна пайшла пад уладу расійскага цара. Сяляне ў чарговы раз выкарысталі момант, каб адпомсціць сваім панам. Фактычна ў Вялікім Княстве Літоўскім ізноў адбывалася грамадзянская вайна паміж шляхтай і сялянствам, паміж паветамі, якія перайшлі пад уладу рускага цара, і ўрадавымі войскамі. У дадатак да гэтага шляхта Княства падзялілася на прыхільнікаў польскага караля Яна II Казіміра, цара Аляксея Міхайлавіча і шведскага караля Карла X Густава і павяла паміж сабой бязлітасную барацьбу. Пасля смерці ўкраінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага частка казацкіх атрадаў перайшла на службу да караля Рэчы Паспалітай. Як казалі ў той час, паспрабуй яшчэ разбярыся, хто з кім ваюе і чыя зараз улада.

“Добыли и, добывши, огнем выпалили…”

Уладальнік Глускай воласці князь Аляксандр Палубінскі застаўся верны свайму грамадзянскаму і ваеннаму абавязку. У той час, калі большасць шляхты сядзела па сваіх паветах і рыхтавалася да абароны свайго дабра, палкоўнік Палубінскі з’явіўся ў войска з уласнай гусарскай харугвай. Прыняўшы камандаванне над даверанымі яму войскамі, палкоўнік прымаў удзел у ваенных дзеяннях, здабыўшы сабе і воінскую славу, і вялікі аўтарытэт у войску.

Яшчэ ў 1653 годзе ўладар Глуска звяртаўся да сойма з прашэннем аб вызваленні горада ад падаткаў з прычыны шкоды ад бясконцых праходаў войскаў праз воласць.

Ліцвінскія і рускія войскі аднолькава прытрымліваліся тактыкі “выпаленай зямлі”. Глуская воласць перад пачаткам Трынаццацігадовай вайны была разрабавана ўрадавай дывізіяй пад камандаваннем Стэфана Чарнецкага. Няхай і ўпамінаецца Чарнецкі ў польскім дзяржаўным гімне за свае заслугі, яго войскі “до последнего для нужд солдат те имения опустошили”, — гаворыцца ў актавай кнізе Навагрудскага гарадскога суда.

Калі ж яны адступілі, то настаў чарод казацкіх злучэнняў палкоўніка Залатарэнкі. У чатырнаццатым томе “Актов, относящихся к истории Южной и Западной России”, выдадзеным у 1889 годзе, маецца перапіска паміж Іванам Залатарэнкам і царом Аляксеем Міхайлавічам. У лісце, пісаным 17 сакавіка 1655 года, казацкі палкоўнік паведамляе, што вайскоўцы пасланага ім атрада Глуск “добыли и, добывши, огнем выпалили, много врагов и недругов вашего царского величества, там пребываючих, под меч подклонили”.

Вызваленне

Некалькі год расійскае войска і казакі трымалі пад кантролем значную частку Вялікага Княства Літоўскага. Глуск, Парэчча і Рудабелка, “в руки неприятельские казацкие доставшиеся… все те годы в руках неприятельских оставаясь опустошенными, разрушенными и сожженными”. У лютым 1660 года палкоўнік Самуэль Аскерка зрабіў паспяховы рэйд на Глуск, разбіўшы трохтысячны атрад казакоў каля вёскі Зубарэвічы. Да лета 1661 года яму ўдалося канчаткова выціснуць казацкія атрады з Глускай і Парэцкай валасцей і Рудабельскага маёнтка.

Пра тое, што значная частка глускіх мяшчан уратавалася ў час спалення замка і горада, сведчыць стварэнне і існаванне могілак на замчышчы. Сярод дванаццаці пахаванняў, што былі ўскрыты ў час археалагічных работ Ірынай Ганецкай, ёсць магілы асобныя і дзве брацкія (некалькі пахаваных у адной магільнай яме). Тыя жыхары Глуска, што засталіся ў жывых, хавалі сваіх загінуўшых родных у асобных магілах.

У брацкія ж магілы змясцілі, хутчэй за ўсё, тых забітых, у каго родзічаў не знайшлося. У адну магілу праз некаторы час было зроблена яшчэ адно пахаванне на меншай глыбіні.

Атрымліваецца так, што на могілках рабіліся пахаванні на працягу некалькіх год, пакуль не пачаліся работы па будаўніцтве новага замка, у час каторых яны былі засыпаны. Людзі працягвалі жыць, будаваць часовае жыллё і весці нейкую гаспадарку, каб пракарміцца, карысталіся зробленымі могілкамі для новых пахаванняў. Велічыня саміх могілак, якой бы яна ні была, не можа сведчыць пра колькасць забітых у час штурму замка. На працягу іх існавання памерці ад голаду і чумы магло ў некалькі разоў больш мяшчан, чым забілі казакі.

Чорная смерць

У час гэтай вайны распачалася самая страшная за ўсё XVII стагоддзе эпідэмія чумы. Колькі чалавек на беларускай зямлі сталі ахвярамі страшнай хваробы, якую пазней у гісторыі празвалі “чорная смерць”, ніхто не падлічваў. Затое па расійскіх гарадах, мястэчках і манастырах, дзе ніякай вайны не вялося, такія дадзеныя ёсць. У Калузе і  Туле, напрыклад, вымерла каля 70 працэнтаў насельніцтва, а ў Пераяслаўлі-Разанскім — больш за 85 працэнтаў. Тое ж самае было і на нашай зямлі.

Чума суправаджалася нашэсцем мышэй і пацукоў, якія псавалі збожжа ў полі і ў сховішчах. Гэта прывяло да голаду, які скончыўся толькі ў 1657 годзе. А эпідэмія “чорнай смерці” пакінула наш край на год пазней. У сваіх мемуарах навагрудскі падчашы Ян Цадроўскі піша, што ён на свае вочы бачыў, як “люди ели кошек, собак, всякую падаль, напоследок резали людей и тела их ели, не давали покоя в гробе человеческим трупам”. Служыў Ян Цадроўскі Багуславу Радзівілу, у слуцкія ўладанні каторага некалі ўваходзіла частка Глускай воласці, ездзіў паслом ад мінскай шляхты да цара Аляксея Міхайлавіча, у 1660 годзе быў правадніком у дывізіі Чарнецкага. Шмат чаго яму давялося пабачыць у тую цяжкую пару і пакінуць дзецям памяць, “как служил своему воеводству и милой Отчизне”.

Філіп Казімір Абуховіч

Яшчэ адным вядомым удзельнікам Трынаццацігадовай вайны, чыё імя ўскосна звязана з глускай гісторыяй, быў Філіп Казімір Абуховіч. Уладальнікі маёнтка Калацічы, у тым ліку і Альгерд Абуховіч, лічацца яго нашчадкамі. Перад самым пачаткам вайны Філіп Абуховіч быў прызначаны на пасаду ваяводы віцебскага і смаленскага, яму была даручана і абарона Смаленска. Горад быў не падрыхтаваны да баявых дзеянняў: вежы і сцены даўно не рамантаваліся, адсутнічалі запасы зброі, боепрыпасаў, прадуктаў харчавання. Новы ваявода неаднаразова паведамляў у Вільню пра такое непатрэбнае становішча стратэгічна важнай крэпасці, але не атрымаў ніякай дапамогі. Пад кіраўніцтвам Філіпа Абуховіча Смаленск вытрымаў чатырохмесячную аблогу і генеральны штурм, пасля каторага страціў трэць абаронцаў, застаўся з праломленымі сценамі і запасамі пораху на некалькі гадзін бою. У такой сітуацыі ваявода пагадзіўся на прапанаваныя рускім царом перамовы аб здачы горада, каб пацягнуць час і дачакацца падмогі.

Але разлічваць было няма на каго: польны гетман Януш Радзівіл з невялікімі сіламі ўжо адступаў ад Дняпра да Бярэзіны і быў разбіты пад Шапялевічамі. Нямецкія наёмнікі адмовіліся працягваць супраціўленне. І Філіп Казімір, каб выратаваць жыццё больш як дзвюх тысяч абаронцаў Смаленска, пагадзіўся скласці зброю. Суд, які разбіраў справу аб “смаленскай здрадзе”, адразу апраўдаў нямецкага палкоўніка Вільгельма Корфа. А Філіп Абуховіч быў апраўданы толькі ў 1658 годзе пасмяротна: ён яшчэ прымаў удзел у баявых дзеяннях супраць шведаў, але праз некаторы час захварэў і памёр. Тым не менш патрыятычна настроеная шляхта, якая сама нічога не зрабіла для падрыхтоўкі княства да вайны і абароны, здачу Смаленска ваяводзе не даравала. Таму і з’явіўся ў 1655 годзе вядомы зараз у беларускай літаратуры памфлет “Ліст да Абуховіча”, дзе ў сакавітых абаротах мовы высмейваецца і сам Філіп Казімір, і яго бацька. Ці справядлівы змест ліста, меркаваць цяжка: колькі людзей, столькі і думак. Сам Філіп Абуховіч, яго сыны Міхал і Тэадор мелі схільнасці да літаратуры, пакінулі пасля сябе змястоўныя і цікавыя мемуары.

Аднаўленне

У маі 1655 года Аляксандр Палубінскі дабіўся ад сойма вызвалення яго глускіх уладанняў ад падаткаў на дзесяць гадоў. Пасля выгнання казацкіх атрадаў пачалося аднаўленне Глускай воласці ад наступстваў смутнага часу. У 1667 годзе ў нанава адбудаваным Глуску налічвалася 250 дымоў, а ў воласці — 285 сялянскіх гаспадарак. Былі пабудаваны новы замак, касцёл і манастыр бернардзінцаў. Нарэшце смутны час скончыўся.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту

Працяг будзе

Последние новости

Общество

«Незабытая история». Винтажная тарелка из Погоста

21 июня 2026
Читать новость
Год белорусской женщины

Медицина — больше чем профессия. Фельдшер отделения скорой медпомощи Глусской ЦРБ Жанна Непочелович

21 июня 2026
Читать новость
Власть

С Днем медицинских работников!Поздравление от руководства района

21 июня 2026
Читать новость
Общество

Глуск: 1396—2026. Смутны час глускай гісторыі

20 июня 2026
Читать новость
Общество

День молодежи и студенчества отмечается в Беларуси в последнее воскресенье июня

20 июня 2026
Читать новость
Общество

В память о тех, кто не смог увидеть Победу своими глазами

20 июня 2026
Читать новость

Рекомендуем