У жніўні — жніво і сяўба

Тры гаспадаркі раёна завяршылі жніво, гэта ААТ “Турыно-агра”, “Аграфірма “Слаўгарадскі” і “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Усяго ж па раёне зерневыя і зернебабовыя культуры зжаты на 7450 гектарах, гэта азімы і яравы ячмень, авёс, зернебабовыя, застаецца ўбраць 535 гектараў азімага трыцікале, азімага жыта і яравой пшаніцы, гэта менш за 7 працэнтаў планавых плошчаў. Агульны намалот зерня па раёне складае зараз 11 473 тоны, самыя высокія намалоты даў сяголета авёс — 25,5 цэнтнера з гектара.
Зараз гаспадаркі раёна актыўна вядуць узворванне глебы пад сяўбу азімых культур, заарана больш за 1000 гектараў з 7500 патрэбных. Пад азімы рапс адведзена 400 гектараў, 243 засеяна ўжо. Як патлумачылі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні, сяўбу рапсу патрэбна правесці да 20 жніўня, але раён ідзе з апераджэннем графіка і справіцца з гэтай работай хутчэй, прынамсі, “Турыно-агра” і РАПТЗ сяўбу гэтай культуры ўжо завяршылі.
З 20 па 26 жніўня патрэбна пасеяць азімыя зерневыя на зялёны корм (гэта будуць жыта са свірэпіцай), а з 28 жніўня трэба брацца за кукурузу, убіраць яе на сілас (яго патрэбна нарыхтаваць 82 тысячы тон). Вось такі расклад палявых работ, напружаны, але такой парой ніяк інакш не атрымліваецца, адзначылі ва ўпраўленні.
Не спыняецца пры гэтым і корманарыхтоўка: заданне па нарыхтоўцы сенажу выканана на 81 працэнт, колькасць нарыхтаванага корму перавышае 49 тысяч тон, з іх 12 700 тон на рахунку РАПТЗ, 11 200 тон сенажу назапашана ў “Глускай Зары” (95 % да задання). Усяго па раёне для грамадскага статка маецца 15 547 тон кармавых адзінак, на ўмоўную галаву 12,7 цэнтнера, або 40,6 % да таго, што патрэбна, лідарства па забяспечанасці кармамі трымае РАПТЗ, тут даведзенае заданне выканана больш як на 67 працэнтаў.
Інфармацыя падрыхтавана па даных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Глускага райвыканкама на 15 жніўня