Мерапрыемствы да Дня роднай мовы ў дзіцячым садку № 3 Глуска

Цікавыя мерапрыемствы былі падрыхтаваны да Дня роднай мовы (21 лютага) у дзіцячым садку № 3 Глуска. Пра іх расказала намеснік загадчыка садка Людміла Васілеўская.
Выхаванцы старшай групы ў гэты дзень спявалі песні на беларускай мове, гралі на музычных інструментах, гулялі ў беларускія гульні, а пасля рабілі вянкі з валошак і ўпрыгожвалі адзенне арнаментам. З народнымі промысламі пазнаёміліся выхаванцы спецыяльнай групы, ім вельмі спадабалася рабіць з нітак лялек-матанак. А ў сярэдняй групе дзеткі даведаліся пра асаблівасці беларускага адзення, а потым самі намалявалі на ручніках свой непаўторны арнамент. Тэмам “Кветкі” і “Жывёлы” быў прысвечаны Дзень роднай мовы ў другой малодшай і інтэграванай групах, іх выхаванцы даведаліся новыя словы па-беларуску — назвы жывёл і кветак. Самыя ж маленькія слухалі казкі на беларускай мове і вучылі вершаваныя радкі.
Асобныя заданні былі падрыхтаваны і для бацькоў: напісаць любімае слова на беларускай мове, прадоўжыць прыказку ці прымаўку, назваць часткі беларускага адзення і іншыя.