На сямі артэзіянскіх свідравінах Глуска праводзіцца замена водапад’ёмнага абсталявання


На сямі артэзіянскіх свідравінах Глуска праводзіцца замена водапад’ёмнага абсталявання.
Справа ў тым, што цягам апошніх дзесяці год у Глуску было пабудавана дзесяць шматкватэрных жылых дамоў, жылы фонд гарадскога пасёлка павялічыўся больш як на 700 кватэр, што павысіла нагрузку на водаправодныя сеткі, расказалі рэдакцыі ў Глускім участку водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Больш таго, практычна штогод, калі працяглы час не ідуць дажджы і значна павялічваецца разбор вады для палівання агародаў, павялічваецца і колькасць скаргаў ад насельніцтва на слабы напор, а то і ўвогуле на адсутнасць вады (асабліва на верхніх паверхах).
Для бесперапыннага водазабеспячэння насельніцтва раённага цэнтра і аграгарадка Калацічы (які ў свой час быў падключаны да водаправоднай сеткі Глуска) спецыялісты “Магілёўаблводаканала” і філіяла “Бабруйскводаканал” распрацавалі комплекс мерапрыемстваў: на артэзіянскіх свідравінах заменяць водапад’ёмныя трубы і помпавыя агрэгаты. Неабходныя работы плануецца выканаць да 1 верасня.
На больш аддаленую перспектыву, 2024—2026 гады, разглядаецца магчымасць будаўніцтва яшчэ адной свідравіны, што дазволіць стварыць дадатковы рэзерв вады для патрэб насельніцтва.
Т. ЛУКАШЭВІЧ