Гарбузовы расклад. Пабылі на агародзе глушчанкі Ірыны Адамаўны Каранкевіч

Гэты агарод з акуратна раскладзенымі па ім гарбузамі я запрыкмеціла з акна свайго кабінета, з вышыні трэцяга паверха ён быў як на далоні. Спачатку палавінак гарбузоў было небагата, толькі ў дальняй частцы, з кожным днём яны займалі месца ўсё больш і больш. Карцінка мяне зацікавіла, я стала прыглядацца ўважліва і аднойчы запрыкмеціла і саму гаспадыню, пазнала яе. У свой час я пісала пра вопытнага і стараннага работніка Беларусбанка Ірыну Каранкевіч, памятаю, як тады адзначыла для сябе яе ўважлівасць, простае і ветлівае абыходжанне з людзьмі. Цяпер Ірына Адамаўна на заслужаным адпачынку, але гэтых якасцей не страціла, і мы з ёй вельмі добра пагаварылі, калі яна з чарговага гарбуза выбірала слізкія пузаценькія гарбузікі.
Добрая культура гарбуз — з якога боку ні паглядзі. І на страву прыдатны (Ірына Адамаўна варыць з яго кашу), і семачкі дае, смачныя, спажыўныя, карысныя, і ў агародзе добры памочнік.
“Агарод мой сотак сем, — кажа гаспадыня, — хапае і бульбу пасадзіць, і на грады, яшчэ і застаецца. Зямля добрая, і каб яна не пуставала, я соткі дзве-тры засаджваю гарбузамі. Насенне звычайнае, свойскае, якое яшчэ ад мамы засталося, якое знаёмыя далі, памяняліся. Гарбузы плятуцца, трава не так расце. Восенню іх пазношу, павыбіраю семачкі, лепшыя сабе есці і на насенне, а астатнія з палавінкамі гарбузоў па агародзе раскладваю — гэта добрае натуральнае ўдабрэнне, усе спажыўныя рэчывы з гарбузоў ідуць у глебу. Хімію я на агарод не сыплю, гной не прывожу, бо ад яго трава вельмі расце, а вось гарбузы — сама лепш. На наступны год мяняю іх месцамі з бульбай, атрымліваецца добра: і бульба родзіць, і гарбузы растуць — на сваю патрэбу хапае і таго, і другога, а болей мне і не трэба”.



Сяголетні гарбузовы ўраджай, больш за сотню пладоў, Ірына Адамаўна амаль увесь ужо пусціла пад нож, засталіся толькі самыя прыгожыя экзэмпляры і вось гэтая 10-кілаграмовая прыгажуня, нібы з карцінкі. Увесь агарод выкладзены роўнымі радамі жаўтабокіх палавінак — прыгожа і, мабыць, праўда карысна.
Я пашукала ў інтэрнэце інфармацыю наконт выкарыстання гарбузоў у якасці ўдабрэння для глебы, аказалася, што падобная арганіка насамрэч карысная. Вопытныя агароднікі рэкамендуюць нават не проста раскідваць, а закрыць гарбузы зямлёй, прыкопваць, парэзаўшы іх на кавалкі, так яны лепш перагніюць і ператворацца ў даступнае для раслін біялагічнае ўдабрэнне.
А яшчэ вельмі добра класці гарбузы ў кампоставую кучу, там уся арганіка перагніе і ператворыцца ў аднародную масу, карысную для любых культур. Ёсць і такая парада: закапаць невялікія кавалачкі гарбуза ў вазон з хатнімі кветкамі, гэта будзе для іх дадатковым сілкаваннем. Варта паспрабаваць.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота аўтара