Перш чым дабрацца да месца дзеяння, мне з калегай прыйшлося скінуць свае “гарадскія” туфлікі і надзець рызінавікі. Зрабіць гэта нам параіў адзін з мясцовых дачнікаў (ён жа і выдзеліў нам па пары гэтага абутку). У правільнасці такога рашэння мы ўпэўніліся, як толькі рушылі па сцяжынцы сярод густога і высокага чароту, яшчэ мокрага пасля начнога дажджу.
Справа была ў суботу, 21 ліпеня, і ў Касарычы мы выбраліся паглядзець, як праводзяцца спаборніцтвы касцоў, на якія нас запрасіў той самы дачнік Андрэй Уфімцаў. Праўда, нам прапаноўвалі і самім паўдзельнічаць, але мы ўсё ж такі абмежаваліся назіраннямі і майстар-класам ад Сяргея Грабко, які касой валодае віртуозна і ведае пра яе, пэўна, усё. Міжволі прыгадаўся дзядзька Антось з “Новай зямлі”, хаця Сяргей і маладзейшы за коласаўскага героя, і жыве зараз у горадзе. Але з маленства, расказвае ён, станавіўся на сенакосе за бацькам, а ззаду касіў дзядзька. Тут ужо падлетку варон лавіць не было калі: каб не падрэзалі пяты, даводзілася трымацца зададзенага дарослымі касцамі тэмпу. Вось дзе яно было, выхаванне ад жыцця, вось дзе захаванне народных традыцый. Не, я не бурчу і не прызываю ўсіх вярнуцца ў вёску і пачаць касіць косамі, а не трымерамі. Але пагадзіцеся, пара сенакосу для беларусаў заўсёды была адметнай, важнай, асаблівай і знакавай, шмат у чым вырашальнай. Прычым не толькі для гаспадаркі, але часам і ў асабістым жыцці. (Успомніце хаця б, як завязалася каханне паміж Васілём і Ганнай у “Людзях на балоце”).
Так, касьба — важны момант, а тут яшчэ і вёска Касарычы. Як было не скарыстацца такім супадзеннем яе жыхарам, калі яны выношвалі ідэю мерапрыемства, здольнага аб’яднаць і сабраць разам усіх вяскоўцаў. Так было вырашана правесці спаборніцтва касцоў, пакуль што пробнае, камернае, у вузкім, як кажуць, коле. Праходзіла яно бадай што на беразе рэчкі, таму і спатрэбіліся нам рызінавыя боты. Канешне, уся вёска не сабралася, але чалавек з дзесяць, уключаючы і нас, зявак, прыйшло.
Праўда, уласна касілі толькі чацвёра, гэта Пятро Шарамет, Уладзімір Лысак, ужо згаданы вышэй Сяргей Грабко і — увага! — Наталля Кліменка. Так-так, за касу ўзялася і жанчына, і няхай даруюць мне астатнія ўдзельнікі, пракос атрымаўся ў яе ці не лепей за іншыя. Па ўмовах, кожнаму касцу давалася на “работу” тры хвіліны, а пры падвядзенні вынікаў улічвалася і даўжыня пракосу, і наколькі чысценька выкашана, і іншыя важныя параметры, нам незразумелыя, але вопытным касцам вядомыя. Дарэчы кажучы, тут не было журы за засцеленым абрусам сталом, як не гучалі ўрачыстыя прамовы адкрыцця і закрыцця і не грымелі фанфары. У гэтым і не мелася патрэбы, бо маштаб мерапрыемства, яшчэ раз заўважу, быў камерны, і галоўнай яго мэтай было ажывіць будні вяскоўцаў, аб’яднаць людзей агульнай справай. Што датычыць ацэньвання, балы таксама не выстаўляліся, проста ўсе разам, у першую чаргу тыя самыя вопытныя касцы, праверылі якасць зробленага і вынеслі вердыкт. Шчыра кажучы, крыху нечаканы: перамагло, сказалі, сяброўства. Ну дык і добра!
Алена ВАЛОШКА
Фота аўтара
Последние новости
Общество
Молодежь Глусчины подключилась к республиканской акции «Восстановление святынь Беларуси»
27 октября 2026
Происшествия
Бобруйчанин взял деньги за ремонт автомобилей и потратил их на себя
27 октября 2026
Общество
В Глусском районе побывал член Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь Александр Багель
27 октября 2026
Общество
По просьбе читательницы рассказываем, что и как приготовить из синей зубатки
27 октября 2026
Будь в курсе
Мошенническая схема Fake Boss или что делать, если под видом руководства вам пишут или звонят аферисты
27 октября 2026
Власть
Лукашенко предложил возродить практику по закреплению за Беларусью ряда российских городов и регионов