Краніраванне: каб амаладзіць дрэвы і абараніць ад шкоднікаў і хвароб

Вясна — час найбольш актыўных агародна-садова-паркавых работ. Таму як толькі дазволіла надвор’е, у мясцовым “Жылкамгасе” таксама пачалі работы па доглядзе за раслінамі. Найперш у канцы сакавіка — пачатку красавіка правялі падкормку хвойных кустоў (туі, ядловец). Потым у цэнтральным парку Глуска зрабілі краніраванне дрэў.
“Гэта работа выконваецца, пакуль дрэвы яшчэ спяць, не абудзіліся пасля зімы, — тлумачыць Ангеліна Рудаева, майстар участка “Жылкамгаса”, адказная за азеляненне тэрыторый. — Пад краніраваннем разумеецца: зразанне сухіх і паламаных галін, каб яны не ўпалі і не нарабілі шкоды, хворых — каб ад іх не захварэла ўсё дрэва, старых — каб даць магчымасць расці маладым парасткам. Краніраванне таксама дае магчымасць сфарміраваць карону дрэва, выдаліць лішняе, прыдаць ёй патрэбную форму. Да прыкладу, у цэнтральным парку гэтай вясной краніравалі больш за паўсотні дрэў, выконвалі гэту работу і на вуліцах гарпасёлка”.

Таксама спецыяліст расказала, што ў бліжэйшы час для далейшага азелянення тэрыторый у грамадскіх месцах Глуска будуць пасаджаны каля 200 дрэў і кустоў хвойных парод, каля паўтары сотні дэкаратыўных кустоў (самшыт, барбарыс, пузыраплоднік чырвоны). Як і планавалася, прадаўжаюцца работы ў парку насупраць СШ № 2, там падчас рэспубліканскага суботніка дзеці і дарослыя пасадзілі каля ста маладых ліпак і клёнікаў, дапаўненне парка будзе весціся і далей, паабяцала майстар участка.
Ну а зараз рабочыя па азеляненні актыўна працуюць з кветкамі: каля 1800 штук расады на клумбы пасадзілі ўжо, у асноўным гэта бягонія розных відаў і сурфінія, таксама будуць высаджвацца петуніі ампельныя і звычайныя, аксаміткі, сальвіі, астры і іншыя кветкі. Каб яны радавалі жыхароў і гасцей райцэнтра пышным цвіценнем, клумбы своечасова будуць апрацоўваць ад пустазелля, гэта ранішні від работ, а па вечарах (калі гэта будзе патрэбна) — паліваць кветкі.
Т. ЛУГАВАЯ