У Глускім раёне пабываў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання Аляксандр Багель

На мінулым тыдні ў Глускім раёне пабываў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання Аляксандр Багель. У Савет Рэспублікі ён вылучаны ад Бабруйскага, Глускага, Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Адным з пунктаў яго маршрута была сярэдняя школа № 2 імя І. І. Захарэнкі. Тут Аляксандр Іванавіч сустрэўся і пагаварыў з ветэранам педагагічнай працы Кацярынай БарысаўнайКандрусевіч і вучнямі-старшакласнікамі. Кацярына Барысаўна сама калісьці вучылася ў гэтай школе, потым стала настаўнікам і тры дзясяткі гадоў вучыла тут дзяцей, выкладала рускую мову і літаратуру. І зараз, даўно знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не губляе сувязі з роднай школай. Аляксандр Іванавіч падзякаваў Кацярыне Барысаўне за вернасць настаўніцкай прафесіі і сваёй школе, за няпростую і такую высакародную працу педагога і падарыў ёй кветкі. У сустрэчы прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Раман Тычына.
У Савеце Рэспублікі Аляксандр Багель з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, а на сваёй асноўнай працы ён узначальвае адно з самых буйных і паспяховых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці — ААТ “Рассвет ім. К. П. Арлоўскага”. Спецыяльна да гэтай сустрэчы намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце ДзіянаКіверына падрыхтавала відэапрэзентацыю пра гісторыю стварэння гаспадаркі, пачынаючы з 1944 года, і пра яе першага кіраўніка КірылаПракопавічаАрлоўскага, расказала і пра дзень сённяшні. Адзін з паказаных фотаздымкаў пракаменціраваў сам Аляксандр Іванавіч — як у мінулым годзе ў “Рассвет” прыязджаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, як гаварылі з ім пра бульбу, як кіраўнік дзяржавы прама на полі спытваў моркву…

Так, калгас “Рассвет” у свой час быў вядомы не толькі на ўсю Беларусь, але і на ўвесь Савецкі Саюз, гэта першы калгас-міліянер у СССР. Цяпер гэта таксама буйная і шматпрофільная гаспадарка. Тут займаюцца вырошчваннем зерневых і зернебабовых культур, садавіны і агародніны, у тым ліку яблыкаў (сяголета іх сабралі больш за 2200 тон), цыбулі (2600 тон), морквы, буракоў, агуркоў і памідораў, вырасцілі 150 тон рыбы, вырабляюць малако і мяса. Прадпрыемства працуе з прыбыткам, расказаў яго кіраўнік, сярэдняя зарплата ў гэтым годзе склала 2300 рублёў, а механізатары і вадзіцелі, занятыя на жніве, зараблялі ад 9 да 14 тысяч. Аляксандр Багель падкрэсліў, што з 800 працуючых 120 чалавек — гэта моладзь, і яе стараюцца ўсяляк падтрымліваць, у тым ліку дадатковымі выплатамі — пры працаўладкаванні, пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзіцяці. Тым, хто адпрацаваў не менш за пяць гадоў, забяспечана медыцынская страхоўка, а працуючыя з хімікатамі штогод бясплатна папраўляюць здароўе ў сваім жа санаторыі.
Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што амаль усё яго жыццё звязана з сельскай гаспадаркай, да гэтай працы ён прывык, яна яму падабаецца, гэта справа яго жыцця. І гэта вельмі важна для чалавека — знайсці сваю справу. Згадаў той час, калі пяць з паловай гадоў працаваў старшынёй Глускага райвыканкама, прызнаўся, што ішоў на гэту пасаду з некаторай бояззю: “Ці спраўлюся?” Але гэта нармальнае пачуццё — крытычна ацэньваць сябе, свае магчымасці, у нечым сумнявацца. Калі ж узяўся за справу, то трэба рабіць яе якасна, старацца. Быць сенатарам — таксама вельмі адказна, праца ў Савеце Рэспублікі патрабуе часу і сіл, але ж дае і карысны досвед: за два з паловай гады сенатарскай дзейнасці сустрэўся і пазнаёміўся з цікавымі людзьмі, быў у розных камандзіроўках, пабачыў шмат новага і цікавага. Сярод усіх сустрэч, якія ён праводзіць, Аляксандр Багельасобна адзначыў сустрэчы са школьнікамі, асабліва з выпускнікамі, бо яны стаяць перад важным выбарам: знайсці сваю прафесію, сваю справу. Магчыма, не ва ўсіх гэта атрымаецца з першага разу, таму не трэба баяцца зрабіць крок у бок, ісці і спасцігаць новае, шукаць сваё. Гэта, можна сказаць, палова поспеху. А другая палова — сям’я. Жыццё можна лічыць удалым, калі ты з радасцю ідзеш на працу і з радасцю вяртаешся дадому. Знайсці справу па душы, стварыць добрыя сем’і, шчасліва жыць і працаваць пад мірным небам пажадаў школьнікам член Савета Рэспублікі Аляксандр Багель. “Прымайце ўзважаныя рашэнні, за вамі — будучае!” — сказаў ён.

“Як зямля, дае сілы тым, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, так і школа падтрымлівае, напаўняе энергіяй настаўнікаў, — заўважыла ветэран педагагічнай працы Кацярына БарысаўнаКандрусевіч. — Я 30 гадоў адпрацавала ў школе № 2, даўно знаходжуся на адпачынку, але і да гэтага часу жыву яе інтарэсамі, не губляю сувязі з калектывам, са сваімі былымі вучнямі, радуюся іх поспехам”. Сённяшнім школьнікам яна таксама пажадала знайсці сваё месца ў жыцці, справу, якая будзе натхняць, прыносіць задавальненне.
У завяршэнні сустрэчы Аляксандр Багель і дырэктар школы Алена Слічонак абмяняліся памятнымі падарункамі, Аляксандр Іванавіч пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара