Гісторыя з фатаграфіяй. Мястэчка, вуліца, касцёл…

Такі фотаздымак, а дакладней паштоўку, з выявай адной з местачковых вуліц Глуска пачатку ХХ стагоддзя бачылі, напэўна, усе глушчане. Хтосьці па ім прабег, як кажуць, вачыма, а нехта — разгледзеў усё да драбніц. У аб’ектыў фатографа пачатку мінулага стагоддзя трапілі местачкоўцы, магазін і наша мясцовая славутасць — касцёл.“Шкада, што няма ўжо сучаснікаў таго фотамайстра, якія б маглі расказаць пра гэты здымак”, — такія думкі ўзнікалі ў мяне кожны раз, калі я глядзела на фота. І вось недзе там, у сусвеце, напэўна, гэтыя думкі пачулі: зусім па іншай справе адкрываю падшыўку раённай газеты за 1989 год і бачу запаветную фотапаштоўку, а пад ёй расказ жыхара Глуска М. Мельнікава з назвай “У пачатку стагоддзя”.
З нататкі можна зразумець, што аўтар трымаў арыгінальную паштоўку ў руках. М. Мельнікаў піша: “на адваротным баку [паштоўкі] напісана наступнае: выданне кніжнай крамы “Веды” Л. З. Духіна — г. Бабруйск”. Больш за тое, аўтар быў знаёмы з уладальнікам рарытэта, жыхаром вёскі Гарадок М. Д. Шаўруком.
Злева на фотаздымку відаць звычайная хата з прыгожым ганкам і белымі разнымі аканіцамі. “Яны на ноч заўсёды закрываліся і замацоўваліся невялікімі завалокамі… Намнога пазней пасля розных дабудоў і перабудоў тут доўгі час была сярэдняя школа № 2. Цяпер жа тут пачатак зоны адпачынку, прыкладна перад танцавальнай пляцоўкай”, — успамінае местачковец Мельнікаў.
Цікавы яго ўспамін і пра касцёл: “Узвышаўся ён якраз на тым месцы, дзе зараз футбольнае поле… Прыкметнае было збудаванне… Прыгожа было і ўнутры: фрэскі, іконы, скульптура… А які цудоўны арган быў, на якім іграў арганіст Сташэўскі. З-за сваёй вышыні касцёл быў добрым арыенцірам для тых, хто мог заблудзіцца ў лесе. Памятаю, службу ў касцёле праводзіў ксёндз Сабачынскі…”
Трэці аб’ект на фотаздымку, на які звярнуў увагу жыхар Глуска — галантарэйна-бакалейны магазін Янкеля (Якава) Рапапорта, які М. Мельнікаў называе “лаўка”. На здымак магазін трапіў не ўвесь, а толькі яго частка. “Іменна сюды ў свой час нярэдка прыязджаў за пакупкамі ўладальнік паштовай карткі М. Д. Шаўрук. Расказваў, як незадоўга да пачатку Першай сусветнай вайны прыязджаў сюды абутак купляць”, — піша ў нататцы глушчанін. Дарэчы, прозвішча Рапапорт у 1930-я гады было шырока вядома ў БССР. Сын уладальніка магазіна Рыгор Якаўлевіч у 1929 годзе быў старшынёй Галоўнага палітычнага ўпраўлення (ГПУ) БССР, з 1930-га — народны камісар унутраных спраў (НКУС) БССР.
Вось такая маленькая фотапаштоўка, а колькі ў ёй цікавай інфармацыі. Як адзначыў у сваёй нататцы жыхар Глуска М. Мельнікаў, дзякуючы “калектыўнай памяці многае ўдаецца захаваць і для нашчадкаў, і для гісторыі”.
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту